Гарадская тапаніміка — адлюстраванне гісторыі горада, народа і дзяржавы. Але ў гады савецкай улады ў ёй столькі наварочана, што разграбаць давядзецца яшчэ доўга. І Орша не з’яўляецца нейкім выключэннем. Як і паўсюль, у цэнтры — камуністычны «іканастас». Абавязковыя Маркс з Энгельсам, Ленін і бальшавікі меншага калібра.

Кароткі перыяд дэсталінізацыі ў пачатку 1960-х гадоў прыбраў з мапы горада імёны «правадыра ўсіх народаў» (бетонныя помнікі Сталіну былі тады разбіты і сцягнуты бульдозерамі ў яры на беразе Дняпра, яшчэ нядаўна пад адным з мастоў тырчала з глею пала шыняля генералісімуса), ягоных верных саратнікаў — Кагановіча, Варашылава, Жданава.

Першыя гады незалежнасці таксама пакінулі свае адмеціны ў наз-вах вуліц. Вярнуліся з нябыту назвы Дамініканская і Ільінская, з’явіліся вуліцы Уладзіміра Караткевіча, Адама Міцкевіча, Язэпа Драздовіча.

Ёсць у горадзе назвы вуліц у гонар розных савецкіх святаў. Назвы 1 Мая ды 8 Сакавіка не выклікаюць пытанняў. Назва вуліцы 11 Ліпеня таксама не ўнікальная. Дзень вызвалення Мінска ад так званых белапалякаў у 1920 годзе быў важнай датай БССРаўскага календара ў даваенны час. Назва вуліцы з’явілася ў гады беларусізацыі, таму на рускамоўных мапах і цяпер даецца па-беларуску.

А вось вуліцы 1 Жніўня, здаецца, няма нідзе ў Беларусі, а мо і ў свеце. Адна з самых кароткіх вуліц горада (метраў 300) была названа… у гонар дня пачатку Першай сусветнай вайны.

З’явілася такая назва дзесьці ў 1920-х гадах. Хоць потым вайну, якую да Кастрычніцкай рэвалюцыі называлі ў Расіі Вялікай Айчыннай, аддалі амаль поўнаму забыццю. Тым не менш, бальшавікі лічылі яе каталізатарам рэвалюцыйнага руху і без чалавека з ружжом, безумоўна, уладу б не захапілі.

Вуліца 1 Жніўня пры павароце ля Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа пераходзіць у вуліцу Пагранічную. Гэтая назва таксама з даваеннага часу і невыпадковая — менавіта па ёй праходзіла ў 1918 годзе мяжа паміж тэрыторыяй, захопленай кайзераўскай Германіяй, і тэрыторыяй, якую кантралявала тады Савецкая Расія.

У даваенны час вуліцы былі пад прыватнай забудовай. Побач з імі на высокім пясчаным узгорку ў 1942 годзе акупанты заклалі т.з. «Могілкі Герояў», дзе было пахавана больш за 3 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў, якія загінулі на Усходнім фронце. Гэтыя могілкі пазначаны на нямецкай мапе, зробленай у красавіку 1944 года. Захавалася і некалькі фотаздымкаў пахаванняў на іх.

Пасля вайны тэрыторыю перапланавалі: «зніклі» могілкі (спачатку быў тут «Зеленгас», цяпер — сярэдняя школа, дзіцячы сад і сацыяльны прытулак). Старадаўняя вуліца Шклоўская стала пачаткам праспекта Тэкстыльшчыкаў, які вя-дзе да льнокамбіната. Менавіта гэта частка горада забудоўвалася ў 1930-я і наступныя гады як жылы пасёлак гэтага буйнога прадпрыемства. Былі знесены ў 1940—1960-х дамы па вуліцы 1 Жніўня. Нарэшце, у 1970—1980-я на ёй былі пабудаваны ўсяго тры, але дзевяціпавярховыя, дамы.

Працуючы ў каледжы, размешчаным літаральна на гэтай вуліцы, каго з жыхароў ні пытаў пра яе назву, дакладнага адказу ніколі не чуў. Магчыма, сёлета, калі 1 жніўня ва ўсім цывілізаваным (і не вельмі) свеце ў гэты дзень адзначаліся 100-я ўгодкі з дня пачатку Першай сусветнай вайны, назва вуліцы, магчыма, і пачала асацыіравацца ў месцічаў з гэтай датай.

Хочацца спадзявацца, надыдзе час, калі вуліцы майго роднага горада (як і тысячы вуліц у іншых беларускіх месцах) вернуць сабе свае спрадвечныя гістарычныя назвы. А вуліцы з шаблоннымі і штучнымі назвамі атрымаюць новыя, адпаведныя гісторыі і культуры горада, яго тапаграфіі. Назвы, якімі будуць ганарыцца іх жыхары і захапляцца госці горада.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?