Улады Ісландыі эвакуіравалі людзей з зоны, якая падвяргаецца рызыцы ў сувязі з магчымасцю вывяржэння вулкана Бардарбунга. Для наведвання зачынена шырокая вобласць ад паўночнай ускрайку ледніка Ватнаякюдль (менавіта пад ім знаходзіцца вулкан, што цяпер прачынаецца) і аж да трасы №1 — ісландскай акруговай дарогі, якая апярэзвае ўвесь востраў.

Яшчэ 19 жніўня ў паўночнай частцы нацыянальнага парку Ватнаякюдль знаходзіліся больш за 200 турыстаў, аднак іх арганізавана эвакуіравалі з раскіданых па тэрыторыі парку гасцявых домікаў, прызначаных спецыяльна для аматараў адпачынку на прыродзе. Эксперты асцерагаюцца, што значныя тэрыторыі могуць падвергнуцца затапленню.

За мінулую ноч у раёне было зарэгістравана больш за 300 падземных штуршкоў, наймацнейшы з якіх дасягаў магнітуды 3. Ачагі землятрусаў, як і ў папярэднія некалькі дзён, залягалі на глыбіні 5-10 км.

18 жніўня Метэаралагічная служба Ісландыі абвясціла аранжавы (трэці з чатырох) узровень пагрозы вывяржэння. Апошні, чырвоны, узровень трывогі абвяшчаецца, калі вывяржэнне немінуча, як правіла, за некалькі гадзін да яго пачатку. Папярэджанне перш за ўсё скіравана да грамадзянскіх авіякампаній, якія выконваюць палёты над Ісландыяй, так як у выпадку вывяржэння ў паветра падымецца воблака вулканічнага попелу, які можа пашкодзіць рухавікі самалётаў. У 2010 годзе вывяржэнне безназоўнага вулкана пад ісландскім ледніком Эяф'ятлаякюдль на шэсць дзён паралізавала паветраны рух у небе над большай часткай Еўропы і абярнулася каласальнымі стратамі для авіяперавозчыкаў.

За гісторыю назіранняў Бардарбунга — аднаго з найбуйнейшых вулканаў вострава — ён неаднаразова вывяргаўся з перыядычнасцю раз у некалькі стагоддзяў. Апошняе яго вывяржэнне адбылося ў 1910 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?