Эўраінтэграцыя засьцерагла краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы ад спаўзаньня ў традыцыйны для іх стан — дыктатуру. Аб нашых эўрапейскіх і пазаэўрапейскіх альтэрнатывах піша Сяргей Богдан.

Амаль незаўважанай прайшла важная навіна аб больш чым скептычным стаўленьні ЭС да магчымасьці свайго новага пашырэньня. Такім чынам, калі балканскія краіны не прыкладуць больш намаганьняў у ажыцьцяўленьні прапанаваных Эўрасаюзам палітычных рэформаў, дык могуць разьлічваць на ўступленьне ў ЭС толькі ў «сярэдне‑ ці доўгатэрміновай» пэрспэктыве. Гэта — выснова Гадавога дакладу аб дасягнутым прагрэсе, абнародаванага на пачатку месяца прадстаўнікамі Эўракамісіі. Аўстрыйская «Die Presse» кажа аб нязвыкла жорсткім тоне Брусэля ў дачыненьні да кандыдатаў на ўступленьне. Дзьверы Саюзу зачыняюцца?

Толькі Харватыя набліжаецца да ЭС

Выразных посьпехаў на шляху эўраінтэграцыі, на думку Брусэля, дасягнула толькі Харватыя, якую складальнікі дакладу лічаць узорам для іншых. Харватыя з кастрычніка 2005 году зьяўляецца краінай‑кандыдаткай, і зь ёй пасьпяхова вядуцца перамовы аб уступленьні. Альбанія, Македонія і Чарнагорыя ў эўрачыноўнікаў захапленьня не выклікаюць праз маруднасьць ці поўную адсутнасьць рэформаў дзяржаўнай сыстэмы і панаваньне карупцыі.

Македонія зьяўляецца кандыдаткай на ўступленьне зь сьнежня 2005 году, але перамовы пра тое зь ёй яшчэ не пачыналіся.

Альбанія падпісала ў чэрвені 2006 году Пагадненьне аб стабілізацыі і асацыяцыі (ПСА), Чарнагорыя падпісала ПСА ў кастрычніку 2007 году. Згаданае Пагадненьне — гэта адзін зь першых крокаў на шляху інтэграцыі, калі мэта — сяброўства ў ЭС — ужо відаць на даляглядзе.

Асабліва ж незадаволеная Камісія Сэрбіяй ды Босьніяй. Брусэль пераймаецца рэваншысцкімі дзеяньнямі сэрбскіх палітыкаў у Босьніі, а таксама правалам спробаў стварыць супольную паліцыю для ўсіх трох грамадаў краю, што дагэтуль жывуць паасобку ў дзьвюх дзяржаўках — сэрбскай і басьняцка‑харвацкай. Палітычная сыстэма гэтай краіны апынулася на мяжы поўнага паралюшу і была ўратаваная ўмяшаньнем міжнароднага ўпаўнаважанага. Праўда, Босьнія скончыла ў сьнежні 2006 году перамовы па ПСА, хоць і не падпісала пакуль пагадненьня.

З Сэрбіяй праблемы іншага кшталту. Тая не сьпяшаецца выдаваць ваенных злачынцаў, чаго патрабуе ЭС. Брусэль таксама хоча ад Бялграду «канструктыўнейшага падыходу» ў косаўскім пытаньні. Сэрбія скончыла 10 верасьня перамовы па ПСА, але пагадненьня не падпісала.

Інтэрнэт‑выданьне «euObserver» цытуе словы кампэтэнтных эўрачыноўнікаў, «рэфармацыйны працэс у шэрагу дзяржаваў запаволіўся». Гэта турбуе Эўракамісію, бо «наступны год будзе вырашальным для кансалідацыі трансфармацыйнага працэсу». Прасьцей кажучы, налета высьветліцца, ці стануць балканскія краіны больш выразнымі дэмакратыямі безь якіх‑кольвечы прыставак, кшталту «пераходны» ці «сувэрэнны», альбо ўвойдуць у «шэрую зону» дзяржаваў, што трывала загрузьлі паміж дэмакратыяй і аўтарытарызмам (як бальшыня постсавецкіх краінаў). Праўда, усе шэсьць балканскіх краінаў дасягнулі значнага поступу ў эканамічным збліжэньні з ЭС.

Набліжэньне палітычных і эканамічных сыстэмаў балканскіх дзяржаваў да эўрасаюзаўскіх стандартаў ёсьць важнай часткай палітыкі пашырэньня Саюзу. Зь іншага боку, эўраінтэграцыя дае моцную палітычную матывацыю, якая падштурхоўвае краіны‑кандыдаты да рэфармаваньня сваёй палітычнай культуры. Як зазначаецца ў дакладзе, «пэрспэктыва сяброўства ніколі не была важнейшаю, чым цяпер, бо яна дапамагае дзяржавам перамагаць крызісы, урадавую слабасьць і выклікі дэмакратычнаму ладу».

Палітычная інжынэрыя

Эўраінтэграцыя праз прыняцьце новых дэмакратычных стандартаў прапануецца балканскім кіраўнікам узамен на адмову ад старых мэтадаў панаваньня. Прытым, вядома, некаторым кіраўнікам, здаецца, лепш мець сваю невялічкую начальніцкую сініцу, але ў руках, чым эўражорава ў аблоках. Анягож, радыкальная зьмена палітычнай культуры можа прывесьці і да зьмены гіерархіі ды кадраў, бо чыноўнік, што прывык вырашаць грамадзкія пытаньні за пляшкай сьлівовіцы, зусім не прагне працаваць паводле закону. Пытаньне, праўда, і ў тым, ці грамадзяне, чые справы ён вырашае, гатовыя перайсьці да новае мадэлі дзяржаўнага ладу, дый несьці чыноўнікам не сьлівовіцу, а заявы.

Удалыя прыклады кардынальнае перабудовы палітычнага ладу і, што важней, палітычнай культуры ёсьць. Паваенныя Японія і Нямеччына былі пастаўленыя ў жорсткія інстытуцыйныя рамкі у сваім палітычным разьвіцьці пасьля капітуляцыі ў 1945 годзе, створаныя амэрыканскімі штабамі. Сёньня ад сярэднеэўрапейцаў вымагаюць выкананьня Капэнгагенскіх крытэраў, а тады ад немцаў і японцаў вымагалі выкананьня імі новых нацыянальных Канстытуцыяў. Праўда, варыянту «не выконваць» у іх, у адрозьненьне ад сёньняшніх сярэднеэўрапейцаў, не было — пра гэта клапаціліся замежныя вайсковыя кантынгенты. Занадта важныя былі гэтыя краіны, каб у іх не было дэмакратыі.

Больш мяккімі варыянтамі палітычнае перабудовы была пазьнейшая эўраінтэграцыя краінаў Паўднёвай Эўропы, што не належалі да ліку стабільных дэмакратыяў — Грэцыі, Гішпаніі і Партугаліі. Яны былі ўцягненыя ў працэс эўраінтэграцыі неўзабаве пасьля заканчэньня ў іх дыктатарскіх панаваньняў. Фактычна, іх прымалі і дзеля таго, каб утрымаць гэтыя краіны ад вяртаньня да звыклай ім дыктатуры таго ці іншага колеру (сёньня ўжо забыліся, што тады гэта было зусім рэальна — гішпанскія путчысты стралялі ў парлямэнце яшчэ ў 1981 годзе).

Прыняць, абы ня мець пазьней праблемаў, — гэта датычыць і апошніх хваляў пашырэньня ЭС на ўсход і паўднёвы ўсход. Адной з галоўных ідэяў‑фікс палітычнай эліты заходніх краінаў пры канцы 1980‑х, нагадаем, была перакананасьць у непазьбежнасьці крывавага хаосу ва Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропе пасьля заканчэньня Халоднае вайны. Сёньня гэта гучыць як адарваная ад рэальнасьці пужалка.

Але падставы для такіх прагнозаў былі! Пры ўсёй павазе да традыцыяў сярэднеэўрапейскіх змагароў за свабоду, зазначым, што эўраінтэграцыя (не кажу ЭС, бо эўраінтэграцыя мае на ўвазе нешта шырэйшае) не дала рэгіёну вярнуцца ў яго традыцыйны стан часоў незалежнасьці — дыктатуру.

Палітычная культура гэтых краінаў багатая на спадчыну зусім не дэмакратычнага характару. Вызваліўшыся з доўгае імпэрскае няволі, маладыя нацыі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы вельмі хутка пачалі гнабіць меншых за сябе ды ператварыліся ў адкрытыя дыктатуры. Пэтс, Ульманіс, Сьмятона, Пілсудзкі, Хорці, Антанэску, Мэтаксас, баўгарскія і югаслаўскія кіраўнікі, ня кажучы ўжо пра масавыя аўтарытарныя рухі — і камуністычнага кшталту, і харвацкіх усташоў ды румынскай Жалезнай гвардыі… Адзіным выняткам была дэмакратычная Чэхаславаччына, дый тая не патрапіла абараніць сябе.

Па Другой сусьветнай вайне палітычная культура Эўропы на ўсход ад Эльбы працягвала фармавацца ў савецкіх традыцыях «народнае дэмакратыі», што не дадало гэтым краінам дэмакратычных ідэалаў. Вядома, была хваля 1989 году, але яна хутка адхлынула і зноў на паверхню вылезьлі знаёмыя змрочныя постаці — ад посткамуністаў да фашыстаў. І толькі жорсткія ўмовы эўраінтэграцыі, калі нават у адказ на бяскрыўдныя адхіленьні ад «правільна‑эўрапейскага» курсу Качыньскіх калябрусэльскія лібэралы ўсчыняюць вэрхал, не дазволілі рэгіёну вярнуцца назад — да ўласнай, «кіраванай» дэмакратыі, кшталту расейскай.

Швайцарскі варыянт

Разам з тым, эўрасаюзаўскі шлях — не адзіны шлях да годнае мадэрнае дэмакратычнае дзяржавы. Гэта даводзяць прыклады Швайцарыі і Нарвэгіі. Ці маглі абраць такую дарогу сярэднеэўрапейскія дзяржавы? На жаль, наўрад ці. Справа ў тым, што функцыянаваньне сучаснай дзяржавы вымагае ня толькі «ажыцьцяўленьня манаполіі гвалту на вызначанай тэрыторыі» (адно з азначэньняў дзяржавы), але і падрыхтаванасьці элітаў дый разуменьня імі вельмі многіх рэчаў (як хаця б таго, што праблемы іншадумства не вырашаюцца шляхам яго фізычнага зьнішчэньня) ды валоданьня пэўнымі ўмельствамі (прыкладам, бачаньня ня толькі сёньняшніх выгодаў), і, перадусім — пэўнае сьмеласьці. Не фанабэрыстага хамства «а‑ля Чавэс», а ўпэўненага і адказнага намеру разь¬віваць свой край.

Ня будзьма забываць і пра тое, што функцыянаваньне сучаснае дзяржавы вымагае ня толькі адпаведнае інтэлектуальнае і кадравае базы (бо ў пэўных цьвёрдых інстытуцыйных рамках нават былыя гітлераўскія пракуроры плённа будавалі заходненямецкую дэмакратыю), але і інфраструктуры ды эканомікі. З гэтым на ўсходзе Эўропы відавочныя праблемы, як і з эканамічным разьвіцьцём.

Хутка стварыць інфраструктуру і сучасную эканоміку сваімі сіламі ва ўмовах дэмакратыі немагчыма. Проста ніводная дэмакратыя ня можа ўзяць ды правесьці ў краіне інтэнсіўную кампанію па разбудове інфраструктуры ці эканомікі — таго, што немагчыма адразу «прадаць» і атрымаць грошы. Індустрыялізацыя атрымлівалася ў Сталіна, сеткі аўтабанаў разгортваў Гітлер, Мусаліні сушыў багны і будаваў на пустым месцы гарады за лічаныя месяцы! Дэмакратыі, за выняткам выпадкаў вонкавага ўмяшаньня ці шчодрае падтрымкі (як то Ізраілю Захадам), такога зрабіць не давалі рады, ім на тое патрабаваліся многія дзесяцігодзьдзі.

Ня ёсьць выняткам з гэтага правіла і цэнтральнаэўрапейскія дзяржавы, што ўжо амаль усе ўвайшлі ў ЭС. За захаваньнем там пэўнай падставовай мадэлі дэмакратыі цяпер сочыць ЭС, які ня толькі забясьпечвае пэўную агульную палітыку гэтых краінаў, так бы мовіць, у інтэлектуальным сэнсе, але й бярэцца за перабудову тамтэйшай інфраструктуры і прамысловасьці, выдаткоўваючы на тое вялікія грошы. Часу гэту зойме нямала, калі згадаць, што нават Нямеччына дагэтуль ніяк ня скончыць перабудову інфраструктуры і эканомікі не такой ужо і адсталай, павод¬ле нашых мерак, усходняй часткі краіны.

Бачыць у гэткай сытуацыі, калі ЭС «парадкуе» Ўсход кантынэнту, нешта абсалютна станоўчае ці адмоўнае — ня варта. Такая раскладка сілаў і такая роля Саюзу існуе аб’ектыўна, калі гаворка для сярэднеэўрапейцаў ідзе пра пабудову лібэральна‑дэмакратычнай дзяржавы. Пабудаваць яе самастойна можна, але на тое пойдуць доўгія дзесяцігодзьдзі, пакуль будзе напрацаваная адпаведная база для яе ўвасабленьня. Пры ўмове, што яна сапраўды будзе напрацаваная, бо разьвіцьцё чалавецтва не было перадвызначаным у напрамку камунізму, і ня ёсьць перадвызначаным у напрамку дэмакратыі. Чалавецтва можа зноў павярнуць і да тыраніі, і да таталітарызму.

Складаныя фундамэнтальныя чыньнікі цяжка паддаюцца сьвядомым уплывам, і ва ўсякім разе вымагаюць вялікае сілы ад ахвотнага на іх паўзьдзейнічаць. Па вайне такую сілу меў СССР, які гвалтам перарабляў сярэднеэўрапейцаў на свой капыл. Сёньня ЭС, у адрозьненьне ад Сталіна, нікога не вядзе прымусам, кожны выбірае — ці пакласьціся на дапамогу Брусэлю, спрабуючы пераадолець часам не зусім прыемную спадчыну мінулага ці пайсьці старой савецкай дарогай усьлед за Масквой, ці проста нічога не рабіць, задаволіўшыся той самай сьлівовіцай і апраўдваючыся гутаркамі пра самастойны шлях.

На жаль, у адрозьненьне ад заможных Нарвэгіі ці Швайцарыі на Захадзе, ні балканскія краіны, ні Беларусь не даюць пакуль падставаў гаварыць пра магчымасьць такога трэцяга шляху ва ўмовах усходу Эўропы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0