12 жніўня пайшла з жыцця віляйчанка Наталля Салава. Да свайго 30-годдзя яна не дажыла чатыры дні.

У Вілейцы Наталлю ведалі як таленавітую спявачку. Яна была салісткай узорнай эстраднай студыі «Экспромт». У 2004 годзе на фестывалі «Адна зямля» Наталля заваявала Гран-пры.

Потым яна скончыла Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры. Была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Рэспублікі Беларусь імя Жыновіча, ансамбля казацкай песні «Бацька Атаман» з Мінска. Станавілася лаўрэатам міжнародных конкурсаў.

У сацсетцы «Аднакласнікі» стварылі групу «Салава Наталля. Група памяці нашай зорачкі» і суправадзілі яе такім словамі:

«Ты прыйшла ў наш свет яркай зоркай і ёю і застанешся. Грэла нас сваім голасам, які мы захаваем у сваёй памяці. Твой бляск у блакітных вачах і прыгожая ўсмешка заўсёды будуць служыць нам прыкладам у цяжкія хвіліны. Любім, памятаем, смуткуем!».

Паведамляецца, што прычынай смерці стала анкалагічнае захворванне, у Наталлі застаўся маленькі сын.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?