Авіякампанія «Белавія» пакуль не збіраецца адмяняць рэйсы ў Тэль-Авіў (Ізраіль), паведаміў БелаПАН намеснік генеральнага дырэктара кампаніі Ігар Чаргінец.

Палесцінскі рух ХАМАС засцярог міжнародныя авіякампаніі пра небяспеку палётаў у аэрапорт Бен-Гурыён з 6.00 21 жніўня. Адпаведная тэлевізійная заява была зробленая прадстаўніком баявога крыла ісламістаў «Брыгад Ізэдзіна аль-Касама», паведамляюць замежныя СМІ.

Як заявіў Чаргінец, «Белавія» ведае пра папярэджанне ХАМАС, але пакуль не збіраецца мяняць расклад палётаў у Тэль-Авіў. «Мы вывучаем сітуацыю», — адзначыў ён.

«Белавія» выконвае рэгулярныя рэйсы паводле маршруту Мінск — Тэль-Авіў — Мінск пяць разоў на тыдзень. Найбліжэйшы самалёт адправіцца ў Ізраіль сёння ў 20.00.

Нагадаем, у канцы ліпеня шэраг міжнародных авіякампаній ужо адмянялі палёты ў Ізраіль пасля падзення палесцінскай ракеты ў некалькіх кіламетрах ад тэль-авіўскага аэрапорта. «Белавія» тады не ўзяла з іх прыклад і працягвала палёты ў Тэль-Авіў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?