36‑гадовы выкладчык геаграфіі з Воранаўскага раёну Віталь Куплевіч перажыў звальненьне з працы, паспытаў арыштаў ды розных жыцьцёвых нягодаў. Мы сустрэліся зь ім пасьля адбыцьця чарговага пакараньня і пагутарылі. Віталь добра валодае літоўскай і польскай мовамі, ён займаецца дасьледчай працай у архівах у Варшаве, Кракаве і Беластоку, піша кнігу.

Настаўнік паходзіць зь мястэчка Радунь. Геаграфіі яго вучыў Іван Фаценка, краязнаўца, які стварыў народны гісторыка‑краязнаўчы музэй. Вучыўся Віталь на геаграфічным факультэце ў Берасьцейскім унівэрсытэце, дыплём абараняў на тарашкевіцы. У 1991, убачыўшы бел‑чырвона‑белыя сьцягі ў цэнтры Берасьця, герб Пагоню, даведаўся пра дзейнасьць БНФ. Потым пазнаёміўся з працамі Зянона Пазьняка пра трагічны лёс нашых суайчыньнікаў.

Некаторы час Віталь Куплевіч выкладаў геаграфію Літвы на літоўскай мове ў беларускай гімназіі ў Вільні. Ён працаваў пад кіраўніцтвам дырэктаркі Галіны Сівалавай, энэргічнай завадатаркі і арганізатаркі беларускага навучаньня. Легендарная жанчына, сапраўдны генэратар ідэяў, моцна на яго паўплывала. Сустракаўся ён зь Сержуком Вітушкам, заснавальні¬кам «Талакі», і слухаў ягоныя гутаркі.

У 1998 годдзе Віталь пазнаёміўся з Аляксандрам Мілінкевічам. Грамадзкая арганізацыя «Ратуша» пераканала яго ў непазьбежнасьці зьменаў. З аднадумцамі‑настаўнікамі Віталь выдаваў на Гарадзеншчыне газэту «Мястэчка». Сябра Алеся Сакалова звольнілі з працы, сталі прэсаваць іншых. Суседнюю паваскую школку разагналі, распусьцілі з фармальных падставаў. Калі Віталя Куплеві¬ча звольнілі са школкі ў Воранаўскім раёне, то ён паехаў уладкоў¬вацца ў іншую. Але адзін тэлефонны званок начальства зачыняў для яго ўсе дзьверы.

«Цяпер у школе пануе шалёная ідэалягізацыя, гэта робіць немагчымым працу настаўніка‑дысыдэнта. У такіх умовах застаецца займацца самаадукацыяй і пісаць кнігі. Вясковыя вучні спрабуюць шукаць адказы на хвалюючыя пытаньні, але сталіца — далёка, Бог — высока, і яны часам губляюцца. Акрамя таго, яны жывуць у цяжкіх умовах, часам ня маючы самага неабходнага для жыцьця. Адсутнасьць ідэі, асноўных інстытутаў духоўнага апірышча прыво¬дзяць да паступовай дэградацыі. Людзі пачынаюць сьпівацца», — канстатуе Віталь.

У 2006 годзе Віталь з моладзьдзю быў на Плошчы, заставаўся начаваць у намёце зь юнакамі, каб засьведчыць ім, што пэдагогі разам зь імі і падтрымліваюць іх, што ёсьць выкладчыкі з дэмакратычнымі поглядамі, ня ўсе настаўнікі — рэакцыянэры. Разам з моладзьдзю настаўнік атрымаў 15 сутак арышту на Акрэсьціна.

Пасьля безвыніковых пошукаў заробку на радзіме, беларускі выкладчык уладкаваўся працаваць у польскага пана на куратніку. Даводзіцца яму некалькі разоў на дзень цягаць тачкі з кормам для птушак. Здабываючы на жыцьцё ўласным мазалём, настаўнік ня страціў выкшталцонасьці манераў і інтэлектуальнай вастрыні поглядаў. Віталь марыць абараніць дактарант у Польшчы.

«Уласнымі рукамі я зарабляю грошы на сваю кнігу. Працую ў бібліятэках і архівах. Там, дарэчы, можна знайсьці творы малавядовых у нас аўтараў. Я хачу стварыць падручнік па геаграфіі для сьвядомага беларускага патрыёта, так бы мовіць, беларускую геаграфічную альтэрнатыву. Падручнік прафэсара І. І. Пірожніка з БДУ, на жаль, цалкам адлюстроўвае геапалітычныя інтарэсы Расеі. Нашым юнакам патрэбны сучасны геаграфічны лікбез з пункту гле¬джаньня беларуса».

«Лічу, што нашай краіне ў будучыні варта разьвіваць у першую чаргу інфармацыйныя тэхналёгіі, банкаўскую сфэру, навуку, культуру, адукацыю і турызм, і ў меншай ступені займацца індустрыялізацыяй і аграрнай сфэрай. Да таго ж, у нас цяпер шалёны недахоп прадпрымальніцтва…»

Перад «Эўрапейскім маршам» Віталя Куплевіча зноў затрымалі. На тры дні яго кінулі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, абвінаваціўшы ў крадзяжы 7 кілё бульбы, каб не паехаў у Менск. На голых дошках з прусакамі і клапамі бавіў час інтэлігент і патрыёт. Пасьля ў яго нарадзіліся наступныя радкі.

«Найбольшую трывогу выклікае стан беларускіх ізалятараў часовага ўтрыманьня. У нашы дні кожны можа быць кінуты на пэўны час у фантастычную камэру, дзе ўбачыць толькі дошкі, на якіх патрэбна будзе спаць. Сьцены камэры белыя, аднак яны больш чорныя ад дыму цыгарэт. У куце стаіць фантастычная сьметніца з плястыку. У камэры стаіць жудасны смурод. Праз маленькае вакенца часам даходзіць сонечны прамень, а сьвятла лямпачкі не хапае нават для таго, каб чытаць газэту. З раніцы затрыманым падаюць цэлы кубачак гарачай вады. У абед на першае і другое прыносяць нешта поснае зь мясцовай сталоўкі. А на вечар, каб не пераядаліся — аналягічны кубачак з такой ужо да глыбіні душы знаёмай гарачай вадою. Тэмпэратура ў камэры ўстановы амаль што не адрозьніваецца ад тэмпэратуры навакольнага асяродзьдзя. Так выглядае ізалятар часовага ўтрыманьня Воранаўскага РАУС. Сярэднявечча за 70 км ад прыстойнай эўрапейскай сталіцы Вільні».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?