Прыкладна 1,2 тысячы мінчан выказаліся супраць вынесенага на грамадскае абмеркаванне праекта дэталёвай планіроўкі ў межах вуліц Калініна, Коласа, Бялінскага, Кнорына, Чорнага, Талбухіна, паведаміў член аргкамітэта па стварэнні грамадзянскай ініцыятывы «Еўраперспектыва» Дзяніс Кобрусеў. 

У адміністрацыю Першамайскага раёна перададзена каля 700 подпісаў жыхароў квартала, пастаўленых пад калектыўным зваротам супраць праекта. Акрамя таго, паступіла яшчэ прыблізна 500 індывідуальных зваротаў грамадзян, нязгодных з праектам, а ў холе адміністрацыі ў спецыяльных журналах зроблены запісы супраць забудовы. 

«Грамадзяне выступаюць супраць рэканструкцыі дамоў з адсяленнем і надбудовай мансардаў, супраць будаўніцтва трох паркінгаў, супраць будаўніцтва 10-павярховага дома на тэрыторыі двара па завулку Калініна, 2, супраць пашырэння дарог па вуліцы Кузьмы Чорнага і завулку Калініна, бо гэта пацягне знішчэнне дрэў, а праезная частка будзе праходзіць пад вокнамі жыхароў. Акрамя гэтага ў праекце адсутнічаюць аб'екты сацыяльнай інфраструктуры і не прадугледжана добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый», — паведаміў Кобрусеў. 

Паводле яго слоў, 15 жніўня прайшло пасяджэнне камісіі па правядзенні грамадскага абмеркавання, на якім было вырашана больш дэталёва прапрацаваць асноўныя заўвагі грамадзян. 

Як паведамлялася раней, кіраўніцтва адміністрацыі Першамайскага раёна сталіцы сумесна са спецыялістамі КУП «Мінскпраект» 30 ліпеня ў Мінску прадставіла грамадскасці праект дэталёвага плана забудовы ў межах згаданых вуліц. На абмеркаванне сабралася прыблізна 250 мясцовых жыхароў. З праектам дэталёвага плана іх пазнаёміла галоўны архітэктар праекта Аліна Кучынская. Яна расказала, што параметры вуліц Коласа, Бялінскага, Калініна застануцца ранейшымі, а праезную частку вуліцы Кузьмы Чорнага плануецца пашырыць з 11 да 14 метраў, пашырэе завулак Калініна, не закрануўшы існых збудаванняў. 

Значную тэрыторыю ў межах гэтых вуліц, як адзначыла галоўны архітэктар праекта, займае вайсковая частка. Па ўзгадненні бакоў «тэрыторыя вайсковай часткі будзе часткова забраная». Так, ваенныя часткова ўступяць гораду тэрыторыю аўтапарка, а таксама будынкі дзвюх казарм. На вызваленым месцы з'явіцца жылая вышынная забудова, будынкі ж казарм пераабсталююць пад аб'екты агульнага прызначэння. 

Праект прадугледжвае, што колькасць гараджан, якія пражываюць у межах гэтых вуліц, павялічыцца ўдвая — з 4,1 да 8 тыс. чалавек. 

Мясцовыя жыхары, якія сабраліся на грамадскае абмеркаванне, выказалі нязгоду з праектам забудовы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?