Расія заяўляе аб прыняцці аднабаковага рашэння аб пачатку руху расійскай калоны з гуманітарным грузам у Луганск. Пра гэта гаворыцца ў заяве Міністэрства замежных спраў РФ.
Reuters.com
«Расійскім бокам прынята рашэнне дзейнічаць. Наша калона з гуманітарным грузам пачынае рух у кірунку Луганска», — заяўляюць у расійскім МЗС.
Расійскія дыпламаты абвінавачваюць Украіну ў перашкодзе дастаўцы гуманітарнага грузу з Расіі для жыхароў Данбаса. Маўляў, «замацоўваецца адчуванне, што цяперашнія ўкраінскія кіраўнікі свядома зацягваюць дастаўку гуманітарнага грузу, каб дамагчыся сітуацыі, калі дапамогу будзе няма каму прадастаўляць».
Пры гэтым у Маскве наўпрост абвінавачваюць украінскія войскі ў бамбардзіроўцы Данецка і Луганска. У МЗС РФ запэўніваюць, што далі «вычарпальныя спісы» таго, што знаходзіцца ўнутры белых Камазаў, а таксама падалі ўсе гарантыі бяспекі Чырвонаму Крыжу.
Агенцтва Інтэрфакс пацвярджае, што калона з 34 КамАЗаў цяпер перасякае ўкраінскую мяжу на КПП «Ізварына» і накіроўваецца на Луганск.
Афіцыйны прадстаўнік Крамля заявіў агенцтву Reuters, што прэзідэнт Уладзімір Пуцін праінфармаваны пра пачатак руху гуманітарнай калоны.
Пакуль незразумела, ці ўхваліў Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа пачатак руху на мяжы. У расійскім Чырвоным Крыжы заявілі пра гатоўнасць суправаджаць груз.
Афармленне гуманітарнага грузу на расійскай мяжы пачалося ўчора ў 15:15. За мінулы час мытнікі здолелі аформіць толькі 34 машыны.
Расійскія грузавікі з гуманітарнай дапамогай ідуць па тэрыторыі Украіны ў бок Луганска ў суправаджэнні узброеных сепаратыстаў. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на штаб апалчэння самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі.
«Мы гарантуем бяспеку гуманітарнага грузу і асоб, якія яго суправаджаюць. Калона рухаецца пад аховай апалчэнцаў», - заявілі сепаратысты.