21 жніўня ў найбуйнейшай інтэрнэт-кнігарні OZ.BY з'явіліся кнігі «Оборона Донбасса. Игорь Стрелков ужас бандеровской хунты» і «Крым навеки с Россией. Историко-правовое обоснование воссоединения республики Крым и города Севастополь с Российской Федерацией».

Гэтыя пазіцыі ў асартыменце крамы выклікалі абурэнне чытачоў. Наступнай раніцай OZ.BY прыбрала кнігі і выбачылася перад кліентамі. «Сябры. На сайт учора трапіла брыдкая кніга. Трапіла па дурасці. Такой «літаратуры» ў нас больш не будзе. Прыносім свае выбачэнні», — напісалі прадстаўнікі кампаніі карпаратыўным акаўнце ў Twitter.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» вырашыў прайсціся па буйных мінскіх кнігарнях, каб паглядзець, ці прадаюцца ў іх «брыдкія» кнігі.

«Акадэмкніга» — самая прыстойная

Першай у спісе стала крама «Акадэмкніга» на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Сурганава. У «Акадэмкнізе», як заўсёды, шырокі выбар спецыялізаванай і мастацкай літаратуры. Аднак больш за ўсё цікавіць палічка з шыльдай «Гісторыя»: новыя расійскія кнігі пра Гіркіна-Стралкова, вяртанне Крыма і «бандэраўскі народ» прадаюцца менавіта як гістарычная літаратура.

У «Акадэмкнізе» выбар кніг гістарычнай тэматыцы досыць нейтральны. Трэба адзначыць, што колькасць кніг па гісторыі Расіі па колькасці пераўзыходзіць колькасць выданняў пра Беларусь. На жаль, гэта агульная сітуацыя для беларускіх кнігарняў. І хоць тэма і якасць кніг вельмі розныя, сярод іх не было заўважана ніводнай, напісанай для патрэбаў інфармацыйнай вайны супраць Украіны.

Нацыяналізм лёгка становіцца нацызмам

А вось у краме «Дом кнігі «Веды» насупраць будынка Адміністрацыі прэзідэнта ўдалося знайсці цэлую антыўкраінскую палічку.

Першая кніга — «Степан Бандера и судьба Украины. О чем напомнил киевский Майдан» Леаніда Млечына. Кніга свежая, надрукаваная ў выдавецтве «Цэнтрпаліграф» у 2014 годзе.

«Украінцы пакрыўджаныя на гісторыю, бо ім доўга не ўдавалася дамагчыся незалежнасці. У сваёй новай кнізе Л. Млечын задаецца пытаннем: чаму ненавісны ў нас Сцяпан Бандэра і Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў калісьці паўсталі ў ролі абаронцаў народных інтарэсаў? Што ж перажывалі тады ў заходніх абласцях, ад каго прасілі абароны? У Кіеве рассакрэчаны велізарны масіў дакументаў ведамства дзяржбяспекі. Карціна ашаламляе… Асаблівасці гісторыі Украіны, канфлікты, што яе разрывалі, перапляценне рэлігійных вераванняў сфармавалі іншы менталітэт. Тут свае сымбалі веры, свае міфы, страхі і фобіі. Не ведаючы іх, немагчыма дакладна ацаніць тое, што адбываецца на Украіне, прагназаваць павароты настрояў грамадства, якое кідаецца ў пошуках правільнага рашэння», — гаворыцца ў анатацыі да кнігі. І хоць анатацыя да гэтай кнігі выглядае даволі бяскрыўднай, сама кніга наўрад ці парадуе аб'ектыўнасцю. За некалькі гадоў да выхаду кнігі Млечын зняў дакументальны фільм «Степан Бандера. Рассекреченная жизнь», у якім украінскі нацыянальны рух прадстаўлены не ў лепшым святле.

Надзвычай цікавая і кніга Джона Армстранга «Истоки самостийного нацизма. К чему пришла Украина в ХХІ веке», выдадзеная ў тым жа «Цэнтрпаліграфу». На вокладцы змешчаныя два фатаздымкі: украінскага трызубца на фоне гітлераўскіх свастыкаў уверсе і здымак двух жаўнераў, якія кудысьці валакуць бяззбройнага чалавека ўнізе.

Загаловак разам з афармленнем вокладкі ствараюць вельмі моцны антыўкраінскі пасыл. Аднак не ўсё так проста. Бо пад вокладкай знаходзіцца кніга амерыканскага ўкраіназнаўцы і заслужанага прафесара Універсітэта Вісконсін-Мэдысан Джона Аляксандра Армстранга — вядомага даследчыка нацыянальных рухаў ва Усходняй Еўропе.

Вокладка трэцяга выдання кнігі Дж. Армстранга «Украінскі нацыяналізм» (1990) грунтоўна адрозніваецца ад перавыдання працы выдавецтвам «Цэнтрпаліграф». 

Вокладка трэцяга выдання кнігі Дж. Армстранга «Украінскі нацыяналізм» (1990) грунтоўна адрозніваецца ад перавыдання працы выдавецтвам «Цэнтрпаліграф». 

Арыгінальная назва кнігі — Ukrainian Nationalism 1939–1945 (даслоўна «Украінскі нацыяналізм у 1939—1945 гг.»). Кніга была ўпершыню выдадзеная ў 1955 годзе і перажыла тры выданні. Кнігу Джона Армстранга варта прачытаць зацікаўленым у дадзенай тэматыцы. Аднак лепш абысці выдавецтва «Цэнтрпаліграф». Бо застаецца толькі здагадвацца, што дадалі ці прыбралі з самога тэкста кнігі выдаўцы, якія так мэтанакіравана сказілі назву і вокладку даследавання.

Расійская прапаганда вельмі ўпадабала выкарыстанне імя Сцяпана Бандэры для атаясамлення нацыянальнага ўкраінскага руху (не толькі за часамі самога Бандэры, але і сёння) з фашызмам. Прыклад таму кніга «Евромайдан имени Степана Бандеры. От демократии к диктатуре» за аўтарствам Станіслава Бышка і Аляксея Качаткова. Кніга выдадзена ў 2014 годзе ў выдавецтве «Книжный мир». Дарэчы, у гэтай жа серыі выдавецтва прысутнічае кніга з назвай «Иллюзия свободы. Куда ведут Украину новые бандеровцы».

Анататацыя да «Еўрамайдану…» гучыць наступным чынам: «Хто не скаче, той маскаль!» — З такой крычалкі скакалі, саграючыся, пратэстоўцы на кіеўскім Майдане Незалежнасці зімой 2013. У «дзівосным новым свеце» ўкраінскай рэвалюцыі пад сцягамі Сцяпана Бандэры нікому не хацелася праславіцца спрадвечным ворагам украінскай дзяржаўнасці — «маскалём».

Спачатку гэта быў пратэст супраць неэфектыўнасці і карумпаванасці улады, супраць міліцэйскага і чыноўніцкага самавольства, супраць невыразнасці і бесперспектыўнасці палітычнага курсу прэзідэнта і ўрада. Але мірны пратэст стаў крывавай рэвалюцыяй.

Любая рэвалюцыя ў якасці станоўчай праграмы выкарыстоўвае пануючыя ў грамадстве ідэі. У Расійскай імперыі ў 1917 г. у трэндзе былі леварадыкальныя ідэалогіі, у арабскіх краінах падчас «Арабскай вясны» (2010) — радыкальны ісламізм, ва Украіне ў 2013—2014 гг. такім трэндам стаў радыкальны нацыяналізм.

У дадзенай кнізе распавядаецца пра развіццё ўкраінскіх нацыяналістычных груповак ад 1991 г. па цяперашні час, асноўны ўпор робіцца на гісторыю парламенцкай партыі «Свабода» і непарламенцкай партыі «Правы сектар», разглядаюцца ідэалогія, псіхалогія і метады палітычнай барацьбы дадзеных структур. У прыкладаннях прыведзены асноўныя праграмныя дакументы гэтых арганізацый, а таксама дайджэст найбольш сур'ёзных злачынстваў, якія адбыліся ў перыяд ўкраінскага безуладдзя ў лютым—сакавіку 2014».

Яшчэ раз Бандэра ўзгадваецца ў назве кнігі «Охота на Бандеру. Как боролісь с «майданом» в СССР» Мікалая Лыкава. Анатацыя зноў абяцае ўнікальныя матэрыялы вось толькі што рассакрэчаных архіваў КДБ аб змаганні СССР з бандэраўцамі, шчодра спансараванымі з-за мяжы.

Не абышлося і без кнігі пра Крым. Дыхтоўнае выданне «Битва за Крым. От противостояния до возвращения в Россию» намагаецца адказаць на многія пытанні. «Як рускія асвойвалі Крым? Ці стала Лівадыя другой сталіцай Расійскай імперыі? Чаму быў здадзены Севастопаль у ліпені 1942? Што рабілі татары ў 1942—1944 гг. і які лёс ім рыхтаваў Гітлер? Чаму ў Крыме ніхто не заўважыў, што Хрушчоў перадаў яго Ўкраіне? Ці была альтэрнатыва ў Расіі ў сакавіку 2014? Аб гэтым і многім іншым чытач даведаецца з кнігі Аляксандра Шыракарада «Бітва за Крым», — паведамляе анатацыя.

Спробы пагутарыць з дырэктарам крамы аб асартыменце скончыліся няўдачна. Жанчына, якая выйшла з кабінета дырэктара, адмовілася прадставіцца і назваць сваю пасаду. «З «Нашай Нівай» размаўляць не будзем. Мы дзяржаўнае прадпрыемства», — прадэманстравала яна цуд аргументацыі.

«Супрацоўніца крамы», як яна назвала сябе, патлумачыла, што кнігі закупляюцца цэнтралізавана і пастаўляюцца ва ўсе крамы. Хто купляе такую літаратуру, не патлумачыла. Супрацоўніца крамы таксама паведаміла, што гэтая кнігі не забароненыя на тэрыторыі Беларусі, у іх няма ніякага распальвання міжнацыянальнай варожасці, а некаторыя выданні карыстаюцца вялікім попытам.

Ага.

І ты, «Цэнтральная»! 

Апошняя кнігарня, у якую завітаў карэспандэнт «НН» — «Цэнтральная». Гэтая кнігарня разам з папярэднім «Домам кнігі «Веды» належыць ААТ «Белкніга».

Аддзел з гісторыяй Расіі і расійскай палітычнай літаратурай традыцыйна буйны. Прыемна ўразіла, што на паліцах прысутнічаюць як пракрамлёўскія, так і напісаныя з пункту гледжання апазіцыі выданні — у чытача хаця б ёсць выбар.

«Цэнтральная» ці то вырашыла дыстанцыянавацца ад апошніх тэндэнцый расійскай прапагандысцкай думкі, ці то распрадалі такія кнігі… Бо знайсці «брыдкае» выданне атрымалася не адразу. Але ўсё ж.

На паліцы ляжалі два экзэмпляры добра знаёмай чытачам «НН» па царкоўнай лаўцы Свята-Петра-Паўлаўскага сабора кніга Нікалая Старыкава «Украина: хаос и революция — оружие доллара». Відаць, кліенты «Цэнтральнай» любяць адыёзнага расійскага канспіролага, бо за кнігай, прысвечанай Украіне, знайшлося з добры дзясятак ранейшых кніг гэтага аўтара. Таксама супрацоўніца кнігарні паведаміла, што ў іх былі кнігі Міхаіла Палікарпава, але пошукі кнігі біёграфа Гіркіна-Стралкова вынікаў не далі.

На жаль, у ніводнай з кнігарняў не ўдалося знайсці якую-небудзь кнігу, што выказвае пункт гледжання ўкраінскіх гісторыкаў, украінскіх аўтараў. Хоць хто лепш разбіраецца ва ўкраінскай гісторыі і сучасных працэсах, чым самі ўкраінцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?