Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі і Федэральная мытная служба Расіі выпрацавалі падыходы, што прымяняюцца пры мытным адміністраванні тавараў, забароненых да ўвозу ў Расійскую Федэрацыю, пры іх перамяшчэнні праз беларускі ўчастак граніцы Мытнага саюза, паведамілі ў прэс-службе ДМК.
«Дзяржаўным мытным камітэтам Беларусі і Федэральнай мытнай службай Расіі рэалізаваны мерапрыемствы па выключэнні выпадкаў транзіту забароненай прадукцыі праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю», — падкрэслілі ў прэс-службе.
Дасягнутыя дамоўленасці адпавядаюць міжнародным абавязацельствам Беларусі і не ствараюць перашкод для законнага перамяшчэння тавараў праз беларускую граніцу з Еўрапейскага саюза і Украіны.
Паводле інфармацыі прэс-службы ДМК, пры адміністраванні транзітных патокаў у Расію беларускія мытныя органы выконваюць асобныя запыты расійскіх мытных органаў, у тым ліку адносна тавараў, забароненых да ўвозу ў Расійскую Федэрацыю.
Па ўзгадненні з ФМС прымаюцца рашэнні аб формах мытнага кантролю, магчымасці далейшага перамяшчэння тавараў у Расію або вяртання на сумежную тэрыторыю.
«Штодзённы маніторынг паставак з-за мяжы на ўнутраны рынак Рэспублікі Беларусь мясной, рыбнай, малочнай і плодаагародніннай прадукцыі сведчыць аб адсутнасці значных змяненняў у яго аб'ёмах і структуры», — адзначылі ў Дзяржаўным мытным камітэце.-