У суботу, 23 жніўня, цела 18-гадовай жыхаркі Кобрынскага раёна Анастасіі Дземчык было знойдзена за некалькі кіламетраў ад роднага дома.

Увесь мінулы тыдзень у Кобрыне і ваколіцах працягваліся пошукі зніклай маладой дзяўчыны. Настасся Дземчык знікла ў ноч на 13 жніўня.

Як расказвала маці, у той дзень яе дачка раніцай пайшла на Кобрынскую птушкафабрыку, куды яна ўладкавалася папрацаваць на лета. Пасля працы Анастасія патэлефанавала бацькам і паведаміла, што пайшла пагуляць са сваёй сяброўкай.

Дадому, у вёску Паляцічы, размешчаную за некалькі кіламетраў ад Кобрына, дзяўчына вярталася позна ўначы. З тых часоў на сувязь яна не выходзіла.

Пошукі зніклай дзяўчыны, у якіх удзельнічалі супрацоўнікі міліцыі, валанцёры пошукава-выратавальнага атрада «Анёл», знаёмыя Настассі і мясцовыя жыхары вынікаў не прыносілі.

Як растлумачылі сваякі загінулай, у канцы мінулага тыдня кобрынскім праваахоўнікам удалося ўстанавіць асобу меркаванага забойцы дзяўчыны, а затым ён паказаў месца, дзе закапаў сваю ахвяру. Пакуль невядома, ці былі знаёмыя падазраваны і Настасся.

У нядзелю, 24 жніўня, родныя і блізкія пахавалі цела Настассі. 18-гадовая дзяўчына была адзіным дзіцем у сям'і.

Жыла ў доме з мамай і айчымам. Улетку ўладкавалася працаваць на Кобрынскую птушкафабрыку, збіралася ў бліжэйшы час паступіць у каледж на спецыяльнасць кухара. Па словах знаёмых, Насця была добрым, спагадным і пазітыўным чалавекам.

«Яна была анёлам. Ён (забойца) забраў у мяне адзіную дачку. Учора пахавалі Насценьку, так быццам нябёсы плакалі — увесь час дождж ішоў», - распавяла мама Настассі Дземчык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?