Рашэнне аб павелічэнні падаходнага падатку з 12% да 13%, хутчэй за ўсё, будзе прынята.
Аб гэтым у інтэрв'ю праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» паведаміў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік. Ён каментаваў вынікі нарады ў прэзідэнта 22 жніўня па фарміраванні новага механізму дзяржаўнай падтрымкі сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей. Прапанова аб павелічэнні падатку прагучала менавіта там.
«Нічога з нічога не бывае. Гэта велізарныя грошы, якія патрэбныя сёння для падтрымкі сем'яў, для падтрымкі дзяцей. Частка ў нас ёсць у бюджэце, а частка, хутчэй за ўсё, што будзе прынята рашэнне аб тым, каб устанавіць для ўсіх норму падаходнага падатку ў 13%, — сказаў віцэ-прэм'ер. — Усе гэтыя грошы, як падкрэсліў прэзідэнт, да аднаго рубля, будуць ісці толькі на гэтыя мэты».
Пры гэтым Тозік звярнуў увагу на тое, і аб гэтым гаварыў прэзідэнт, што «дзеці, перш за ўсё, гэта здабытак сям'і». «І адказнасць за нараджэнне дзяцей, за іх выхаванне, забеспячэнне спачатку павінна несці сям'я. Дзяржава падстаўляе плячо, калі бачыць, што сям'і трэба дапамагчы. Гэта значыць тут вельмі важна не перайсці тую рысу, калі гэта дапамога ўжо не дапамагае, а разбэшчвае, калі пачынае спараджаць утрыманскія настроі», — адзначыў віцэ-прэм'ер.
Адказваючы на пытанне, якой у класічным уяўленні павінна быць беларуская сям'я, Тозік сказаў: «У класічным разуменні беларуская сям'я павінна складацца з пяці чалавек: мама, тата і трое дзяцей, тады наш народ будзе прырастаць. Сёння праблема беларускай сям'і — павелічэнне колькасці дзяцей. Гэта фактар нашай нацыянальнай бяспекі, гэта фактар захавання нашага народа і фактар умацавання нашай дзяржавы».
«У нас склалася досыць сур'ёзная сістэма падтрымкі сям'і і дзяцей у сям'і. Мы бачым, што яна пачала працаваць. У 2013 годзе мы ўпершыню за 20 гадоў забяспечылі прырост насельніцтва. Тэндэнцыя пакуль няўстойлівая. Таму прэзідэнтам было прынята рашэнне прадумаць, што можам прапанаваць яшчэ дадаткова да таго, што ў нас ёсць у межах нашых магчымасцяў», — сказаў віцэ-прэм'ер наконт праекта «Вялікая сям'я».