З пачатку года 90 жыхароў Магілёўскай вобласці памерлі ад атручвання алкаголем. Гэта на 9 чалавек менш, чым за аналагічны перыяд 2013 г., паведаміў пракурор Магілёўскай вобласці старшы саветнік юстыцыі Аляксандр Чадзюк.

На дыспансерным і прафілактычным уліках з сіндромам залежнасці ад алкаголю і ўжывання алкаголю са шкоднымі наступствамі стаіць каля 30 тыс. чалавек.

«Нягледзячы на змяншэнне колькасці злачынстваў, учыненых грамадзянамі ў стане алкагольнага ап'янення, па-ранейшаму больш за чвэрць прыпадае на долю асобаў у нецвярозым стане, — адзначыў Аляксандр Чадзюк. — Алкаголь шматкроць узмацняе агрэсію, прытупляе ў чалавека пачуццё адказнасці, спараджае адчуванне ўсёдазволенасці і беспакаранасці».

Як лічыць пракурор Магілёўскай вобласці, алкагалізацыі насельніцтва спрыяе даступнасць набыцця алкагольных напояў, у першую чаргу ўначы.

«Рашэнне аб абмежаванні рэалізацыі алкагольных напояў у начны час не прынята ў Беларусі толькі на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей, — падкрэсліў Аляксандр Чадзюк. — Пры гэтым гандаль алкагольнай прадукцыяй пасля 22.00 у вобласці ажыццяўляюць 109 крам, найбольшая колькасць якіх размешчана ў Бабруйску — 36, Магілёве — 21 і Асіповіцкім раёне — 12. Восем гандлёвых аб'ектаў з кругласутачным рэжымам працы і правам рэалізацыі алкагольных напояў ноччу знаходзяцца на тэрыторыі АЗС».

З пачатку года ў Магілёўскай вобласці канфіскавана 68 самагонных апаратаў, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства амаль 1 тыс. грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?