Суд Маскоўскага раёна Мінска 25 жніўня прысудзіў актывіста моладзевага крыла кампаніі «Гавары праўду» — «Zмена» Паўла Вінаградава да 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Святлана Вінаградава.

Павел выйшаў сёння сам чакаць міліцыю, фота Аляксандры Дынько

Павел выйшаў сёння сам чакаць міліцыю, фота Аляксандры Дынько

Вінаградава абвінавацілі па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях на падставе таго, што ён нібыта лаяўся матам каля УУС Маскоўскага раёна.

Сёння днём Вінаградаў напісаў у сацыяльнай сетцы Facebook: «Прыйшлі мянты. Хочуць, каб дзверы адчыніў. А мне не хочацца. Дамовіліся, што роўна праз дзве гадзіны выйду самастойна. Пайду з рэчамі, само сабой. Бывай, дарагі ФБ! Убачымся праз пару тыдняў».

Як паведамлялася раней, 24 жніўня актывісты «Zмены» вывесілі 100 бел-чырвона-белых сцягоў у Мінску і Мінскім раёне. Мяркуючы па прадстаўленых Вінаградавым фатаграфіях, сцягі вывесілі на пуцеправодах, прыпынках грамадскага транспарту, у метро.

«Сёння, у гэты выдатны пахмурны дзень, «Zмена» вывесіла 100 сцягоў у Менску і за горадам. Акцыя ні да чаго не прымеркаваная, проста вырашылі нагадаць, што бчб сцяг — гэта добрая штука», — сказаў Вінаградаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0