Сёння, 26 жніўня, у Мінску запланавана сустрэча прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з прэзідэнтамі Расіі Уладзімірам Пуціным, Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Казахстана Нурсултанам Назарбаевым.

На сустрэчы таксама будуць прысутнічаць вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісары па пытаннях энергетыкі Гюнтэр Этынгер і па пытаннях гандлю Карл дэ Гухт.

Чакаецца, што частка дыскусіі будзе тычыцца эканамічных аспектаў далучэння Украіны да зоны свабоднага гандлю з ЕС і звязанымі з гэтым пытаннямі супрацоўніцтва з краінамі Мытнага саюза.

Па паведамленнях расійскіх інфармацыйных агенцтваў, у Крамлі не выключаюць асобнай сустрэчы Парашэнкі і Пуціна.

Па словах прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, на магчымай сустрэчы прэзідэнтаў Украіны і РФ будуць абмяркоўвацца ўкраінскі крызіс, гуманітарная дапамога, патокі бежанцаў.

Таксама, сказаў Пяскоў, у ходзе сустрэчы могуць быць закрануты «двухбаковыя адносіны ў кантэксце падпісання Украінай Асацыяцыі з ЕС».

Парашэнка прыляцеў у Мінск першым, а 11:15. Праз 15 хвілін пасля яго прыляцела вярхоўны камісар ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гухт. Парашэнка сустрэўся з імі ў пасольстве Украіны.

Наступнымі прыляцелі прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў, еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер і Пуцін.

Напярэдадні сустрэчы былы дарадца Уладзіміра Пуціна Андрэй Іларыёнаў выказаў непакой, што сустрэча можа стацца новым Мюнхенам. У 1938 годзе Англія і Францыя спадзяваліся ўміратварыць Гітлера, аддаўшы яму частку Чэхаславаччыны — заселеныя немцамі Судэты. На думку Іларыёнава, Германія сёння таксама лічыць, што Пуціна можна залагодзіць Данбасам.

Сёння часткова будзе перакрыта МКАД па дарозе з Нацыянальнага аэрапорта, уведзеныя абмежаванні на рух на праспекце Пераможцаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0