Адкрываючы саміт у фармаце Мытны саюз — Еўрасаюз — Украіна 26 жніўня ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка заклікаў бакі адкінуць палітычныя амбіцыі і падумаць пра лёс простых людзей.

Лукашэнка са шкадаваннем адзначыў, што сёння «даводзіцца абмяркоўваць пытанні, якія, здавалася б, для Еўропы назаўжды засталіся ў мінулым стагоддзі». «На ўсходзе Украіны не спыняецца ваенны канфлікт. Гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі. Знішчаецца эканамічная інфраструктура багатай і квітнеючай раней краіны. Сотні тысяч бежанцаў вымушаныя пакідаць родныя мясціны. Цэлы рэгіён апынуўся на мяжы гуманітарнай катастрофы. Гэта не кадры гісторыі. Гэта наша сённяшняя рэальнасць», — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што на тое, што адбываецца, немагчыма глядзець абыякава.

Беларускі кіраўнік нагадаў, што ў дзень інаўгурацыі яго ўкраінскі калега Пятро Парашэнка прасіў не спяшацца з увядзеннем санкцый з боку Мытнага саюза ў дачыненні да Украіны з-за яе намераў падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Ён тады таксама папрасіў Лукашэнку давесці гэтую просьбу да прэзідэнтаў Расіі і Казахстана. Менавіта тады Парашэнка прапанаваў правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні і абмеркаваць усе існуючыя пытанні.

«Я выканаў яго просьбу. Я далажыў сваім калегам-прэзідэнтам пра гэтую размову, пра яе змест. Меркаванне прэзідэнтаў было аднадушным: збіраемся ў Мінску і прапануем усім зацікаўленым прыняць удзел у гэтай сустрэчы», — падкрэсліў Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу на тое, што саміту папярэднічалі неаднаразовыя кансультацыі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, экспертаў, а таксама з чыноўнікамі ЕС.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў перакананасць у тым, што ніхто з удзельнікаў саміту «не хоча атрымаць выгаду з цяперашняй сітуацыі», паколькі «было б блюзнерствам паступіць такім чынам».

«Нашы народы даверылі нам, прэзідэнтам, свае лёсы. А што мы павінны зрабіць у адказ на гэты давер? Замест дымячых труб фабрык і заводаў пакінуць дымячыя руіны і папялішчы, як гэта адбываецца цяпер? Асудзіць нашых людзей на слёзы і пакуты? Думаецца мне, удосталь напакутаваліся ў мінулым. Калі мы хочам, каб нас лічылі адказнымі палітыкамі, то мы павінны ўсвядоміць цалкам груз адказнасці перад нашымі народамі, адкінуць палітычныя амбіцыі, не шукаць якіх-небудзь дывідэндаў, падумаць пра лёс звычайных, простых людзей, старых, дзяцей, якія плачуць, якія пакутуюць, і пра загінулых», — падсумаваў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?