Прэзідэнты Расіі, Беларусі і Казахстана позна вечарам 26 жніўня прадоўжылі абмеркаванне пытанняў развіцця Мытнага саюза ў трохбаковым фармаце. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
«Кіраўнікі дзяржаў тройкі Мытнага саюза — Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў — прадоўжылі сустрэчу. Адбылася прадметная гутарка па шырокім спектры пытанняў актуальнага парадку дня Мытнага саюза», — цытуе Пяскова РІА Новости.
Рабочая група з прадстаўнікоў Украіны, Расіі і Еўрасаюза па пытаннях гандлёва-эканамічных адносін да 12 верасня выпрацуе прапановы аб тым, як зняць заклапочанасць краін — удзельніц Мытнага саюза (МС) і Расіі ў прыватнасці, звязаную з падпісаннем пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 26 жніўня на брыфінгу па выніках сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў МС, Украіны і прадстаўнікоў ЕС.
«Ведаючы, што ў галіне гандлёва-эканамічных адносін працуе група Украіна — Расія — ЕС, мы прапанавалі інтэнсіфікаваць яе працу, каб ужо да 12 верасня рабочая група выпрацавала прапановы па зняцці заклапочанасці Мытнага саюза, Расійскай Федэрацыі, якая датычыцца пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім саюзам, — сказаў Лукашэнка. — Зрабіць гэта трэба, як падкрэслівае прэзідэнт Расіі, да ратыфікацыі дагавора аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам. Ён падкрэсліў, што пасля ратыфікацыі ў парламенце Украіны гэтага дагавора гутаркі і перамовы Украіны з МС і Расіяй аб далейшым эканамічным супрацоўніцтве ў зоне свабоднага гандлю не маюць сэнсу».
«Таму ўсё трэба правесці менавіта цяпер, да 12 верасня, да ратыфікацыі гэтага дагавора ў парламенце Украіны», — яшчэ раз падкрэсліў Лукашэнка.