Вядомасьць ягоная была даволі скандальнай. Хоць ён называў сваю сыстэму навучаньня найбольш стасоўнай менавіта да сацыялізму, стырнавыя таго самага сацыялізму адчувалі разбуральнасьць ягоных ідэяў і агрэсіўна супраціўляліся. І яму даводзілася працягваць новыя ідэі неймавернымі высілкамі.
Уявіце, што ў школе, у якой прадвызначана і прадпісана ўсё — і як сядзець на ўроку, і колькі старонак «адсюль — дасюль» прачытаць на заўтра, і якую прычоску мець, — прыходзіць настаўнік на ўрок і абвяшчае: «Я сёньня задам вам хатняе заданьне і больш у гэтым годзе задаваць ня буду». У клясе ажыўленьне і радасныя воклічы. «Але ў гэтым заданьні чатырыста задачаў». — «Уууу!..» — «І вы можаце разьвязваць іх, як захочаце: або ўсе за месяц і далей адпачываць, або па дзьве—тры ў дзень, а можна і ўвогуле не разьвязваць, бо на тройку я вас навучу і на ўроках».
Вучні — ці не ўпершыню за сваё жыцьцё — атрымлівалі свабоду дзеяньняў, як быццам дакраналіся да дэмакратыі. Было цікава назіраць за імі. Можна не разьвязваць — і натуральна знойдуцца тыя, хто на пачатку скарыстае такую мажлівасьць. Але гэта прыводзіць да невысокай адзнакі, а вышэйшая адзнака дасягальная, бо настаўнік так добра ўсё тлумачыць з выкарыстаньнем такіх зразумелых і запамінальных малюнкаў, што не зразумець немагчыма. А на ўроках разьвязваюцца падобныя задачы, і яны ўжо не здаюцца складанымі.
Акрамя таго, у клясе вісіць ведамасьць, дзе разьвязаныя задачы адзначаюцца зафарбаванымі клетачкамі. І ўсім бачна, хто колькі задачаў змог разьвязаць. І тут праяўляецца статкавасьць чалавечай псыхалёгіі: быць адным з апошніх нястрашна, а быць самым апошнім вельмі непрыемна. А ведамасьць якраз і паказвае, хто самы апошні. І калі настаўнік добразычліва прапануе такому «адставальніку» пасьляўрочную дапамогу, той ахвотна яе прымае. Стыхійныя спаборніцтвы сярод лепшых вучняў — асобная гаворка.
Вынікам становяцца высокаякасныя веды і надзейна засвоеныя ўменьні. Гэта было настолькі непадобна на шэрасьць нацягнутых савецкіх троек, што не магло ня выклікаць агрэсіі кіроўных вярхоў Міністэрства адукацыі. А Шаталаў яшчэ падражніў іх кніжкай з нахабнай назвай «Куды і як зьніклі тройкі».
Публікацыі 1970‑х пра яго былі настолькі супярэчлівымі, што не маглі не ўзбудзіць цікавасьці. Адны скептычна крывілі вусны і папракалі «скандаліста» ў пахвальбе і пошуку таннай славы. Іншыя, ня здолеўшы нічога зразумець з прэсы, ехалі ў Данецк, каб убачыць на ўласныя вочы.
Мне, на той час маладому настаўніку, аднойчы трапілі на вочы дзьве публікацыі. «Знамя юности» надрукавала ўражаньні дырэктара Менскага элекратэхнікуму сувязі Жукава, які вярнуўся з трохдзённага сэмінару Шаталава (гэты артыкул не ўзяліся друкаваць ні «Советская Белоруссия», ні «Звязда»). А маскоўская «Учительская газета» ці ня ў той жа дзень выбухнула зьедліва‑крытычным опусам пра «данецкія цуды». Я выпрасіў у дырэктара тыдзень адпачынку і паехаў у Данецк. Гэтая паездка рэзка зьмяніла мае як настаўніцкія, так і чалавечыя погляды. Я далучыўся да змагароў за новую пэдагогіку.
«Калі гэтая партыя вас не разумее і не падтрымлівае, чаму б вам не стварыць новую партыю?», — пацікавіўся я неяк у Шаталава. Ён усьміхнуўся: «Калі б камары лёталі радочкам, зь імі было б вельмі лёгка змагацца». Але, фактычна, ягоная партыя існавала. Той, хто прыяжджаў у Данецк, станавіўся прыхільнікам новых ідэяў і калі хацеў надалей атрымліваць інфармацыю, дасылаў лісты і ўкладаў капэрту з зваротнай адрэсай. У капэрце ён атрымліваў скапіяваныя падборкі публікацыяў з самых розных выданьняў мясцовай, цэнтральнай ці замежнай прэсы і кароткія прыпіскі самога В.Шаталава. Такіх капэртаў спадар Віктар рассылаў штодзень па некалькі дзясяткаў. І калі нейкаму настаўніку, які ўзяўся працаваць «паводле Шаталава», чынавенства пачынала перашкаджаць, той паведамляў пра гэта ў Данецк, копія паведамленьня рассылалася — і з розных куткоў вялікай краіны пачыналі ісьці лісты ў мясцовыя органы кіраваньня, мясцовую і цэнтральную прэсу. Зьбянтэжаныя націскам чыноўнікі на нейкі час пакідалі «нестандартнага» настаўніка ў спакоі.
Гэткую сытуацыю давялося перажыць і мне. Калі кіраўніцтва пэдінстытуту, дзе я працаваў, пераканалася, што зьмяніць мае погляды не выходзіць, мяне з грубымі парушэньнямі закону звольнілі. Хутка гнеўныя настаўніцкія лісты пачалі прыходзіць і ў ЦК КПСС, і ў ЦК КПБ, а таксама ў «Правду», «Труд», «Литературную газету»… «Известия» даслалі ў Магілёў карэспандэнтку, вывучэньнем сытуацыі заняўся ЦК КПБ, і рашэньне аб звальненьні было адмененае.
Думаю, гэты досьвед быў бы вельмі карысным для сёньняшняй Беларусі.
80‑гадовы Віктар Шаталаў працягвае працаваць прафэсарам Данецкага інстытуту сацыяльнай адукацыі і праводзіць свае сэмінары (пераважна ва Ўкраіне і Расеі). Да юбілею ўкраінскі ўрад узнагародзіў яго найвышэйшай настаўніцкай узнагародай — залатым мэдалём Ушынскага, Акадэмія пэдагагічных навук Украіны абрала яго ганаровым доктарам. Але самым істотным ён лічыць тое, што афіцыйная газэта «Голос України» прынесла яму прабачэньні. «Не пасьмяротна, а жывому», — зь непрыхаваным задавальненьнем напісаў ён мне.