Трохбаковая кантактная група па Украіне павінна аднавіць сваю працу ў бліжэйшыя дні. Пра гэта заявіў сёння ў Маскве прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў, каментуючы дасягнутыя напярэдадні ў Мінску дамоўленасці Уладзіміра Пуціна з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

Пяскоў адзначыў, што склад трохбаковай кантактнай групы на перамовах у Мінску асобна не абмяркоўваўся і, відавочна, застанецца ранейшым. Не абмяркоўваліся на ўчорашнім саміце ў Мінску і часовыя паказчыкі працы групы.

Напярэдадні Пуцін паведаміў, што на сустрэчы з Парашэнкам дасягнута дамоўленасць аб аднаўленні работы ў дадзеным фармаце. «Кантактная група павінна як мага хутчэй аднавіць сваю працу», — сказаў прэзідэнт РФ. Пуцін запэўніў, што Масква будзе рабіць усё для гэтага. «Гэты працэс трэба пачаць як мага хутчэй», — падкрэсліў ён.

Пра тое, што ўдзельнікі саміту Мытны саюз — Украіна — ЕС дамовіліся зрабіць Мінск перамоўнай пляцоўкай для кантактнай групы па Украіне, паведаміў 26 жніўня і Аляксандр Лукашэнка.

Ініцыятыва аб працы па ўрэгуляванні сітуацыі на Украіне ў рамках кантактнай групы была вылучана яшчэ ў лютым гэтага года, яе першае пасяджэнне адбылося ў Кіеве ў пачатку чэрвеня.

Другое пасяджэнне кантактнай групы адбылося 31 ліпеня ў Мінску. У ім прынялі ўдзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол РФ ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі.

Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ адбылося 11 жніўня, на ім абмяркоўваліся лагістычныя аспекты дастаўкі гуманітарнай дапамогі на паўднёвы ўсход Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?