Беларуска Вікторыя Азаранка паспяхова стартавала на адкрытым чэмпіянаце ЗША па тэнісе.

У першым паядынку на нью-ёркскіх кортах «Флашынг Медоўз» лепшая беларуская тэнісістка, якая займае 17-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграла японку Місакі Доі (90-ы нумар рэйтынгу ВТА) – 6:7 (3:7), 6:4, 6:1. Вікторыя Азаранка 10 разоў падавала «на вылет» і дапусціла 11 двайных памылак. Сустрэча прадаўжалася 2 гадзіны 34 мін. У другім раўндзе Азаранка сустрэнецца з амерыканскай тэнісісткай Хрысцінай Макхэйл (43). 

У другі круг таксама выйшла дэбютантка турніраў «Вялікага шлема» Аляксандра Сасновіч (120), якая абыграла на старце славачку Ганну Шмідлаву (67), а наступнай яе саперніцай будзе 11-я ракетка планеты Каралін Вазняцкі з Даніі. Яшчэ адна беларуска Вольга Гаварцова (117) зачахліла ракетку пасля паражэння ў першым раўндзе ад канадкі Эжэні Бушар (8) – 2:6, 1:6. Два апошнія гады ў вырашальных паядынках жаночага адзіночнага разраду US Open Вікторыя Азаранка ўступала амерыканцы Серэне Уільямс у трохсэтавых матчах. У 2012 годзе амерыканская тэнісістка перамагла 6:2, 2:6, 7:5, а год таму - 7:5, 6:7 (6:8), 6:1. Для Вікторыі Азаранка гэта дзявяты па ліку US Open, а Вольга Гаварцова згуляе тут восьмы раз (лепшае дасягненне - 3-і раўнд у 2012 годзе).

Беларус Максім Мірны і расіянін Міхаіл Южны ў першым раўндзе сустрэнуцца з лепшай парай планеты амерыканскімі братамі-блізнятамі Бобам і Майкам Браянамі. На US Open у актыве 37-гадовага Максіма Мірнага дзве перамогі - у 2000 годзе разам з аўстралійскім тэнісістам Лейтанам Х'юітам і ў 2002 годзе ў пары з індыйцам Махешам Бхупаці. Яшчэ двойчы (у 2005 і 2006 гадах) Мірны разам са шведам Ёнасам Б'ёркманам уступаў у вырашальных матчах на кортах «Флашынг Медоўз». За ўсе гады выступленняў на прафесійных турнірах пад эгідай АТП Максім Мірны з рознымі партнёрамі 48 разоў станавіўся чэмпіёнам.

На цяперашнім US Open Максім Мірны выступіць і ў спаборніцтвах змешаных пар. У першым раўндзе мікста ён разам з Хаа-Чынг Чан з Кітайскага Тайбэя згуляе супраць яшчэ аднаго інтэрнацыянальнага тандэма Люсі Храдзецка (Чэхія) / Хорыя Тэкау (Румынія), пасеянага пад пятым нумарам. У мінулыя гады Максім Мірны тройчы станавіўся трыумфатарам амерыканскага першынства ў міксце — у 1999 годзе (з Серэнай Уільямс), у 2007 (з Вікторыяй Азаранка) і ў 2013 (з Андрэа Хлавачкавай з Чэхіі).

Агульны прызавы фонд US Open-2014 складае $38,3 млн, а завершыцца турнір 8 верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?