У дзень, калі я выправілася на сустрэчу з Вольфам Рубінчыкам, пайшоў першы сьнег. А мо, і апошні — мы ж жывем у эпоху глябальнага пацяпленьня. Досыць даўно першы сьнег стаў выпадаць у лістападзе, і я асабіста выявіла для сябе прыкмету: чым раней ў лістападзе выпадае сьнег, тым цяплейшая потым зіма. Сьнег ішоў, і ціхія двары рэстаўраваных пяціпавярховікаў на вуліцы Матусевіча выглядалі чыста і сьвежа. Гэты раён абжыты і надыханы: ён ужо на мяжы таго, каб укараніцца ў гісторыю. Тут ужо вырасла пакаленьне, вось і рэстаўрацыю дамоў ужо пасьпелі зрабіць. Адшукваючы патрэбны дом, я раздумвала, якое пытаньне задаць першым. Што я ведаю пра гэтага Рубінчыка: палітоляг, шахматыст… А я ж і ў палітыцы не кумекаю, і ў шахматах дакладна ведаю толькі ход е2—е4 (і то дзякуючы Астапу Ібрагімавічу Бэндэру)… Што яшчэ: беларускамоўны яўрэй, выдае бюлетэнь «Мы яшчэ тут!». З пытаньня пра беларускасьць і яўрэйства і пачалася размова.

Спадар Вольф гаворыць ціха, разважліва, нясьпешна.

«Да беларускасьці прыйшоў у ЭГУ»

— Вы пытаецеся, як прыйшоў да беларускасьці. Беларускасьць гэта, па‑Вашаму, што?

— Найперш тое, што Вы карыстаецеся беларускай у жыцьці і ў вашым бюлетэні, цікавіцеся беларускай гісторыяй і літаратурай.

— А, ясна. Бачыце ўва мне нейкую «экзатычную птушку» (гэтак пісаў Віталь Зайка ў 2000 г. пра яўрэйскую культуру ў Беларусі). Насамрэч гэта нармальна: быць яўрэем і гаварыць па‑беларуску. Што я яўрэй, я ведаў заўсёды… А наконт беларускасьці, якая, па‑мойму, ня зводзіцца да мовы, гісторыі, літаратуры… У сям’і маёй размаўлялі звычайна па‑расейску. Але куплялі беларускія кніжкі, слухалі беларускія перадачы па радыё і тэлебачаньні. Калі вучыўся ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце, там быў беларускі асяродак. Алесь Лагвінец упарта і паўсюль размаўляў па‑беларуску, і ня толькі ён, была цэлая плынь беларушчыны. Хаця ЭГУ быў пераважна расейскамоўны. Але там талерантна ставіліся да тэзісу, што трэба размаўляць па‑беларуску. І вось у канцы навучаньня мяне пацягнула да беларускасьці, і цяпер я пішу пераважна па‑беларуску.

— А на ідыш, на іўрыце Вы можаце размаўляць і пісаць?

Ідыш — гэта ў большай ступені маё ўнутранае я, чым іўрыт

— Пісаць магу, з размовай — складаней. Мама мая не валодае гэтымі мовамі. Іўрыт я вывучаў у 16—17 гадоў на курсах Сахнуту, потым меў практыку ў Ізраілі. А ідыш — гэта ў большай ступені маё ўнутранае я, чым іўрыт. У бюлетэні даю нешта на ідышы, нават свае крыжаванкі, але не такі ўжо я вялікі ідышыст. Словаў 500 цьвёрда ведаю.

Чаму выдаецца «Мы яшчэ тут!»

— А як Вы вырашылі выдаваць гэты бюлетэнь?

— Нейкі час я быў бібліятэкарам ў менскім аб’яднаньні яўрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Загадвала бібліятэкай Дзіна Харык — удава Ізі Харыка, паэта, расстралянага ў 1937 годзе. У 2001 годзе аб’яднаньне было выселенае з Інтэрнацыянальнай, 6, дзе знаходзілася шмат гадоў. Мяне асабліва турбавала, што будзе зь бібліятэкай і яе загадчыцай. Спадарыню Дзіну гэтая праца трымала. Калі яе закрылі, яна адразу засумавала і неўзабаве памерла. Я тады быў упэўнены, што кіраўніцтва аб’яднаньня паводзілася не зусім карэктна і спрабаваў спрачацца, але ня быў пачуты. Можа, ня змог правільна гэтага зрабіць. Урэшце зразумеў, што трэба неяк даносіць да яўрэяў свае меркаваньні. Мне было што сказаць. Потым была яшчэ гісторыя з сынагогай на Дзімітрава, 3. Я тады зьбіраў подпісы за тое, каб захавалася бібліятэка, каб будынак на Дзімітрава быў перададзены адной зь яўрэйскіх суполак. Але гэта натыкалася на нейкі мур. Тады і зьявілася думка, што варта неяк разбудзіць народ. Таму што сытуацыя была супярэчлівая, шмат хто са службоўцаў быў за нас… Але будынак абараняла літаральна тры чалавекі. Каб нас было сто, то яго і ня зьнеслі б. Мне здалося, што варта мець самвыдатаўскую газэту. Назваў яе «Анахну кан» — «Мы тут». Яна выходзіла штомесяц у 2002 г., цяпер замест газэты выходзіць бюлетэнь з падобнай назвай накладам 150 экзэмпляраў. Як распаўсюджваю? На сходах, калі зьбіраюцца яўрэі. Вось каля Ямы на 9 траўня я звычайна стаю, там бывае шмат людзей, сярод іх нямала маіх добраахвотных памочнікаў. Частку накладу рассылаю па Беларусі, частку — за мяжу. Раблю бюлетэнь амаль цалкам за свае сродкі. Добра, што ёсьць такі Гена Пекер, кіраўнік ерусалімскай філіі беларускага зямляцтва ў Ізраілі. Ён разьмяшчае тэксты бюлетэню ў інтэрнеце.

— Вы адчуваеце запатрабаванасьць?

— Калі б не адчуваў, не рабіў бы.

— А ўкладзеныя сродкі вяртаюцца?

— Не. Бюлетэнь распаўсюджваецца бясплатна. Проста лічу, што мушу гэтым займацца, бо ў наяўных яўрэйскіх выданьнях выказацца мне праблематычна.

Чаму? Іх цікавяць іншыя рэчы? Чым, па‑Вашаму, жыве яўрэйская грамада ў Беларусі?

— Я наогул не лічу, што яўрэйская грамада ў Беларусі існуе. Так, дзейнічае шэраг суполак. Ёсьць «яўрэйскія лідэры», занадта залежныя ад таго, што ім скажуць ва ўладных структурах, ёсьць спажыўцы гуманітарнай дапамогі, ёсьць разрозьненыя энтузіясты, а ці ёсьць грамада як форма самаарганізацыі — гэта яшчэ пытаньне. Што да згаданых выданьняў — яны выходзяць па‑расейску, не арыентуюцца ні на беларускую, ні на ідыш, ні нават на іўрыт.

«Крычу ў пустэчу — цішыня. Ніхто ня чуе, як ні пніся»

— Многія беларусы падпісаліся б пад словамі Восіпа Мандэльштама «Мы жывем, пад сабою не адчуваючы краіны»… Вы таксама не адчуваеце пад сабою краіны?

— Алесь Марачкін пісаў: «Крычу ў пустэчу — цішыня. Ніхто ня чуе, як ні пніся»… На яўрэйскім фронце, на шахматным я раблю тое, што мне цікава. Можа, мяне чуе нямнога людзей, але раблю тое, што магу і мушу.

Чалавек паветра

— Такім чынам, Вы робіце тое, што лічыце цікавым ды карысным. А як Вы сточваеце канцы з канцамі ў фінансах? Вы працуеце недзе, атрымліваеце заробак?

— Раблю пераклады на замову, балазе ведаю францускую, ангельскую (дзякуй школьным настаўнікам і выкладчыкам ЭГУ). Мала каму цяпер патрэбныя пераклады з ідышу, але калі‑нікалі выпадае рабіць і іх. Складаю крыжаванкі для розных выданьняў.

— Досыць нестабільны заробак.

— Відаць, я па натуры «люфт‑мэнч» — чалавек паветра.

— Які прыгожы вобраз!

— Гэта вобраз Шолам‑Алейхема. Вы ня ведаеце? Вось, калі ласка, — зьнімае з паліцы том Шолам‑Алейхема па‑беларуску, — калі Вы хочаце больш ведаць, якія мы… Для мяне важна захаваць сябе як асобу, а зрабіць гэта, працуючы ў дзяржаўных установах, дзяржаўных газэтах ці часопісах цяпер амаль немагчыма. Там твая тоеснасьць пастаянна ставіцца пад пытаньне. Я стараюся захоўваць аўтаномнасьць. Напрыклад, ніколі не бяру грошай ад замежных арганізацыяў, адно што часам на выданьне бюлетэню ахвяруюць прыватныя асобы.

— А якое месца ў захаваньні сябе займае рэлігія? Вы рэлігійны чалавек?

— Ня дужа рэлігійны, але ведаю, што Бог ёсьць, і юдаізм адыгрывае пэўную ролю ў маім жыцьці. На Шабас не пляную ніякіх справаў, адпачываю. Сьвяткую і іншыя юдэйскія сьвяты. Лічу, што няма кнігі лепшай за Тору.

«Янка Купала і яўрэі»

— Я натрапіла ў інтэрнеце на Ваш артыкул «Янка Купала і яўрэі», у якім Вы робіце выснову, што беларускі клясык ня быў свабодны ад антысэмітызму. Я з Вамі ня згодная. Па‑мойму, ляйтматыў верша ў радках «Слава вам, усебеларускія жыды!» ды «Нявольнікі вы сёньня разам з намі на беларускай змучанай зямлі».

Мяне зачапілі словы Купалы «жыды, паны ўсяго сьвету».

— Я напісаў артыкул гадоў дзесяць таму. Магчыма, цяпер я напісаў бы яго іначай. Але на той час мяне дзівіла, што беларускія дасьледчыкі замоўчвалі некаторыя радкі зь верша. Яшчэ зачапілі купалаўскія словы «Таго ж Хрыста прыбілі вы да крыжа…» і «жыды, паны ўсяго сьвету». Я і цяпер лічу, што на час напісаньня вершу (1919 г.) Купала быў пад уплывам пэўных стэрэатыпаў… А хіба клясыкі ня маюць права на памылку? Увогуле, не люблю штучных абагульненьняў і ня думаю, што Вам было б прыемна прачытаць у яўрэйскага клясыка што‑небудзь кшталту: «Вы, беларусы, брудныя сяляне, аднак давайце пойдзем разам» і да т.п.

— Я зьвярнула ўвагу, у сваім артыкуле Вы пішаце, што слова «жыд» у беларускай мове не абразьлівае. Цалкам так, але тыя, хто ня бачыць розніцы паміж расейскай і беларускай культурай (ці наогул ня бачыць беларускай культуры) абураюцца, калі выкарыстоўваецца слова «жыд». Беларускае тэлебачаньне некалькі гадоў таму ва ўласьцівай яму манеры нават зрабіла рэпартаж, дзе з таго, што «НН» напісала «З Новым годам, жыды!» рабілася выснова, што газэта фашысцкая.

— Я глядзеў той рэпартаж і тады адгукнуўся на форуме «НН». Мяне ня крыўдзіць выкарыстаньне «Нашай Нівай» (і Янкам Купалам, Зьмітраком Бядулем ды інш.) такога этноніму. Пакрыўдзіць можна і словам «яўрэй», сказаным ў адпаведным кантэксьце, як гэта нядаўна атрымалася ў аднаго небезьвядомага палітыка. Але ў сваім бюлетэні выкарыстоўваю часьцей слова «яўрэй», пакідаючы слова «жыд» толькі ў тэкстах гістарычнага характару.

«На шахматныя тэмы»

— Нядаўна выйшла Ваша кніжка «На шахматныя тэмы». Раскажыце пра яе.

— Вызначаю яе як «ненавукова‑папулярнае выданьне». Кніга па‑беларуску, 200 асобнікаў. Сабраў матэрыялы, якія друкавала «Наша Ніва» у шахматнай рубрыцы на працягу двух з паловай гадоў, артыкулы і крыжаванкі зь бюлетэню для шахматных кампазытараў «Альбино» (выдаецца ў Лунінцы сіламі Вадзіма Жылка), сам зьвярстаў, выдаў… Прапаную шахматыстам новы варыянт у дэбюце Сакольскага (слынны беларускі майстар, якому ў 2008 г. споўнілася б 100 гадоў). Адзін з тэкстаў называецца «Шахматызацыя палітыкі» — пра Каспарава, Казуліна, Мілінкевіча… Я далёкі ад таго, каб наўпрост зьвязваць уменьне гуляць у шахматы з посьпехамі на палітычным полі. Але вось Павал Севярынец пісаў мне, што ў Сітне гуляў у шахматы зь міліцыянтамі і перамагаў іх, гэта ж пра нешта гаворыць?

Мяне ня крыўдзіць выкарыстаньне «Нашай Нівай» слова "жыд"

— А што для Вас шахматы?

— Ня спорт і не мастацтва. Гэта, зноў‑такі, сродак самазахаваньня асобы. У майго добрага прыяцеля, мастака‑рэстаўратара Аляксандра Астравуха — ідыш‑беларускі слоўнік на 1000 старонак, у мяне — шахматы.

«Шаную Крымінальны кодэкс!»

У вечнасьці інтэрнэту застаўся і выпадак, калі спадара Рубінчыка арыштавалі і пасадзілі на суткі за ўдзел у пікеце ў памяць забітых нямецкімі фашыстамі менскіх падпольшчыкаў.— Раскажыце пра гэты выпадак падрабязней, — прашу я.

— Гэта было ў 2001‑м, у 60‑ю гадавіну пакараньня сьмерцю групы менскіх падпольшчыкаў, сярод якіх былі Кірыла Трус, Валодзя Шчарбацэвіч, Маша Брускіна. Мы зь сябрамі, сярод якіх былі хлопцы з «Маладога фронту», вырашылі нагадаць мянчанам пра гэта. Выйшлі з партрэтамі павешаных падпольшчыкаў, са сьвечкамі, да турмы на Валадарскага — адтуль пачаўся апошні шлях барацьбітоў. Пайшлі ў бок Кастрычніцкай вуліцы — там, ля дражджавога заводу, нацысты іх павесілі. Нехта нёс плякат «Не фашызму ў Беларусі». На нашым шляху праз колькі мэтраў стаў АМАП… Скончылася пятніца 26 кастрычніка ўжо на Акрэсьціна, дзе мы прабавілі «ўік‑энд», потым нас павезьлі ў суд. Павал Севярынец атрымаў 10 ночаў адміністрацыйнага арышту, іншыя (і я ў тым ліку) — тры ночы. Хочацца верыць, што ня марна мы тады сядзелі, што надоечы вуліцу ў Ерусаліме назвалі ў гонар Машы Брускінай не бяз нашага ўплыву. Аднак гэта быў ня першы і не апошні мой суд…

— Дык вы рэцыдывіст?

— Не, чаму? Рэцыдывіст — гэта чалавек, які паўторна парушае Крымінальны кодэкс, а я, усьлед за Вашым любімым Астапам Бэндэрам, крымінальны кодэкс шаную! Нават выкладаў яго ў рамках курсу «Асновы права» ў адной дзяржаўнай ВНУ. У судох у якасьці ўдзельніка працэсу давялося быць чатыры разы, двойчы паводле адміністрацыйных справаў (першы раз судзілі за пікет ля Менгарвыканкаму супраць зносу сынагогі на Дзімітрава ў верасьні 2001 г., але праваабаронца Валянцін Стэфановіч пераканаў судзьдзю абмежавацца «вуснай заўвагай»), двойчы паводле цывільных.

Тры месяцы я рэдагаваў часопіс «Шахматы». Заснавальнік, дзяржаўнае выдавецтва, звольніў мяне за няўзгодненае зь ім інтэрвію для «Народнай волі», і за тое, что ў часопісе выкарыстоўвалася «ня тая» лексыка. Паспрабаваў аднавіцца праз суд. Аляксандар Лукашанец, тады ён быў яшчэ в.а. дырэктара Інстытуту мовазнаўства, рабіў экспэртызу і пастанавіў, што словы найвялікшы, пагатоў, тамака, гулец, унёсак, досьвед — «няправільныя». Нават да «выканкаму» замест «выканкому» прыкляпаўся. Пры гэтым у тэксьце экспэртнага заключэньня меўся пасаж пра «форзац абложкі», а замест «наконадні» праф. Лукашанец рэкамэндаваў «напядэдадні». У мяне мова не была ідэальная, прапусьціў колькі карэктарскіх памылак, але чаго мае «сябры» дабіліся звальненьнем? Першы нумар часопісу (зь беларускай мовай як асноўнай) выйшаў накладам 700 асобнікаў, цяпер расейскамоўныя «Шахматы» выходзяць накладам 300…

Чалавек сьнегу

Сьнег на іўрыце — шэлег, а шэлег на іўрыце — шэкель.

Астатак дню, блукаючы па людным кірмашы, чытаючы дома Шолам‑Алейхема, я час ад часу паглядала на мяцеліцу за вакном і думала: як цудоўна, што ў наш час грошай, уласнасьці і ўлады хлусьні, ёсьць яшчэ ў Менску людзі кшталту Вольфа Рубінчыка. Людзі паветра і сьнегу, людзі, для якіх самае галоўнае у жыцьці — захаваць сябе.

Наталка Бабіна

***

Пра што піша «Мы яшчэ тут!»

Што ж друкуецца ў бюлетэні «Мы яшчэ тут!»? Частку матэрыялаў рэдакцыя разьмяшчае на ідыш, частку — па‑беларуску, нешта і па‑расейску. Вялікае месца займаюць рубрыкі «Далоў белыя плямы!» ды «Памяць жывая» — успаміны пра знаных яўрэяў, якія маюць дачыненьне да Беларусі (напрыклад, пра кіраўніка менскага джаз‑аркестру Эдзі Рознэра), кранальныя ўспаміны пажылых людзей пра Беларусь іх дзяцінства, урыўкі твораў ізраільскіх пісьменьнікаў у перакладзе на беларускую, гумар, нязьменныя шахматы і шашкі, крыжаванкі… З бюлетэню я даведалася пра «Жыдовішча» — аналяг «Басовішча», фэстываль яўрэйскай музыкі, што праводзіўся сёлета ля кавярні «Стары Менск».


Вольф Рубінчык, здымак Юліі Дарашкевіч
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0