Мінгарвыканкам у лістападзе правядзе акцыю «Не п'янству на вытворчасці!», паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 жніўня першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Дзяніс Капітан. 

Ён адзначыў, што распачатыя меры дазволілі пазбегнуць выпадкаў гібелі работнікаў у стане алкагольнага ап'янення. «Тым не менш акцыя плануецца пры ўдзеле прадстаўнікоў ГУУС Мінгарвыканкама. Мы выйдзем на аб'екты, правядзем адпаведныя агляды і такім чынам не дапусцім работнікаў да працы ў стане ап'янення ў арганізацыях горада», — сказаў Капітан. 

Паводле яго слоў, падчас правядзення леташняй акцыі ў некалькіх будаўнічых арганізацыях было адхілена ад працы 12 работнікаў у стане алкагольнага ап'янення. 

Ён таксама адзначыў, што сёлета пашыраны пералік работнікаў, якія абавязаныя праходзіць медагляд перад пачаткам змены. Калі раней яго праходзілі вадзіцелі, то зараз таксама катэгорыі работнікаў, якія працуюць пад зямлёй, на вышыні і г. д. 

Капітан заўважыў, што апошнімі гадамі назіралася тэндэнцыя, калі звольнены за п'янства на працоўным месцы спецыяліст у сувязі з дэфіцытам работнікаў працоўных спецыяльнасцяў спакойна ўладкоўваўся ў іншую будаўнічую арганізацыю. «Пакуль у грамадстве не будзе сфарміраваная грамадзянская пазіцыя нецярпімасці да п'янства на працоўным месцы, гэтыя выпадкі будуць працягвацца», — лічыць Капітан. 

Як адзначыла начальнік аддзела аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Наталля Несцяровіч, заканадаўствам пакуль не ўстаноўленая забарона на продаж спіртных напояў пакупнікам у спецвопратцы, хоць такая ініцыятыва не раз прапаноўвалася. У Заводскім раёне Мінска праходзіць эксперымент па забароне продажу алкаголю ў працоўны час. Разам з тым, адзначыла яна, «дырэктыву прэзідэнта № 1 (аб працоўнай дысцыпліне) ніхто не адмяняў, і права наймальніка адхіляць неадкладна работніка, які знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення, ніхто не абмяжоўваў». 

«Больш за тое, работнік не знаходзіцца ў вакууме, побач з ім знаходзяцца такія ж рабочыя, якія працуюць у складзе брыгады. Трэба, каб была адказнасць тых, хто стаіць побач, брыгадзіра, майстра, начальніка ўчастка, наймальніка, каб не было рабочых у стане ап'янення. Часам тыя, хто знаходзіцца побач, займаюцца патураннем, і паўстае пытанне пра адпаведнасць занятай пасадзе», — лічыць Несцяровіч. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?