Ад развіцця сітуацыі ва Украіне будзе залежаць і лёс Беларусі, заявіў старшыня руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, выступаючы 26 жніўня пад Вільнюсам перад удзельнікамі школы «Беларуская ідэя і шляхі нацыянальнай кансалідацыі ў Беларусі».
«Безумоўна, для Расіі сёння галоўнае — аслабляць Украіну, для яе вельмі важна, каб украінцы не ішлі ў НАТА. Ад развіцця падзей там будзе залежаць і наш лёс», — цытуе Мілінкевіча прэс-служба руху.
Адной з праблем Беларусі палітык бачыць у знішчэнні беларускай эліты. «Беларус страціў арыентацыю», — заявіў ён.
«Я так шмат кажу пра нацыянальную свядомасць, бо, каб ісці ў Еўропу, нам неабходна Адраджэнне», — адзначыў ён.
Першы намеснік старшыні руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч, як паведамляе прэс-служба арганізацыі, «з аптымізмам прывёў вынікі сацыялагічных апытанняў, якія паказваюць высокую сімпатыю беларусаў да Еўрасаюза». «Такая колькасць людзей, якія жадаюць руху ў бок Еўропы, ідзе на карысць не літоўскаму «Акропалісу», а еўрапейскім каштоўнасцям», — сказаў ён. Паводле меркавання Губарэвіча, у Беларусі «існуе велізарны патэнцыял еўрапейскай опцыі, хоць, зразумела, ён не такі высокі, як ва Украіне».