Парламентарыі Туркменістана зацікавіліся беларускім вопытам у сферы заканадаўства па правах чалавека. Аб гэтым ішла размова на сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі з дэлегацыяй Меджліса Туркменістана на чале з дэпутатам, намеснікам старшыні камітэта па сацыяльнай палітыцы Джарагуль Халбаевай.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Андрэй Навумовіч падзякаваў дэлегацыі з Туркменістана за праяўлены інтарэс да камісіі. Ён расказаў аб прынцыпах і сістэме яе работы, а таксама аб разглядаемых законапраектах.

«У сваёй рабоце мы пастаянна ўлічваем практыку прымянення законаў, вопыт дзяржструктур і грамадскіх арганізацый, выязджаем у рэгіёны, сустракаемся з працоўнымі калектывамі, выбаршчыкамі, а таксама ўлічваем усе прапановы, якія да нас паступаюць», — паведаміў Андрэй Навумовіч. Паводле яго інфармацыі, у бягучым годзе паступяць законапраекты, што датычацца зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб, пытанняў грамадзянства, абароны дзяцей ад інфармацыі, небяспечнай для іх здароўя і развіцця.

Прадстаўнікі Туркменістана таксама пыталіся, як у Беларусі ажыццяўляецца сувязь са сродкамі масавай інфармацыі і грамадскімі аб'яднаннямі, працэс узгаднення законапраектаў з усімі зацікаўленымі бакамі, а таксама ці ўдзельнічае камісія Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі ў распрацоўцы нацыянальных дакладаў па правах чалавека.

Парламентарыі Туркменістана ў сваю чаргу расказалі аб структуры Меджліса і аб тым, як ажыццяўляецца работа з насельніцтвам, а таксама па павышэнні прававой інфармаванасці дзяцей.

«Мы прыехалі для вывучэння перадавога вопыту беларускіх парламентарыяў і спадзяёмся, што гэта супрацоўніцтва прадоўжыцца. Мы зацікаўлены ў вывучэнні вопыту Беларусі ў сферы заканадаўства, каб у далейшым штосьці прымяняць і ў сябе. Мы будзем рады, калі дэлегацыя беларускіх парламентарыяў з візітам у адказ наведае Туркменістан», — адзначыла дэпутат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?