Мне падабаецца Фэйсбук.

Не тое, каб я быў такі ўжо заўзяты карыстальнік ягонымі цудамі, але адно тое, што ён — сапраўды цуд хайтэку, стварае ўражанне, што ты дакрануўся да Прасторы і Часу. Асабліва ў старэчым узросце, калі што ні год, што ні месяц, што ні тыдзень ці дзень, вакол цябе пашыраецца Пустэча.

Пустэча, па­за межамі каторай знікаюць сябры.

Што праўда, Пустэча ніколі не дасягне памераў Прасторы, бо Прастора бясконцая. А Пустэча мае межы. Межы твайго жыцця…

Ну, вось, трохі пафіласофстваваў. Але не без нагоды.

Ці ж не ёсць нагодаю выхвалянне аднаго з маіх «фрэндаў», што ў яго такіх «фрэндаў» звыш за 800? А з іншага боку — з чаго здзіўляцца? На тое і «павуцінне», каб сплятаць яго да бясконцасці, адчуваючы сябе ці то павуком, ці то мухай. 800, 8000… Якая розніца? Умоўнасць так званага «фрэндызма» навідавоку.

Да нейкага часа я таксама думаў, што Фэйсбук — гэта такая камунікатыўная, насычаная рознастайнай, збольшага карыснай, інфармацыяй, гульня. І, як кожная гульня, стварае ўмоўны свет дастаткова ўмоўных чалавечых адносінаў. Пакуль не сутыкнуўся зусім не з умоўнымі, нежартоўнымі жарсцямі, якімі раз­пораз выбухае Фэйсбук. Крыўды, абразы, высвятленне, хто ў чым вінаваты…

Наўрад ці патрэбны тут нейкія прыклады, нейкія асабістыя назіранні ці згадванне пра ўласны ўдзел у тых ці іншых віртуальных бойках. Бойках, якія найчасцей пачынаюцца ці заканчваюцца «выдаленнем з сяброў». І найчасцей — па прычынах палітычных супярэчнасцяў і нязгоды. Упэўнены, што амаль у кожнага карыстальніка Фэйсбуку ёсць на гэты конт уласны досвед. Што праўда, сам я нікога яшчэ не «расфрэнджваў», хаця ў рэальным жыцці таму ці іншаму «фрэнду» рукі не падаў бы. Такая вось беспрынцыповасць…

Мо таму, што ў суадносінах рэальнага і віртуальнага светаў умоўнасць мае свае натуральныя межы. Межы, якія віртуальны свет намагаецца пераадолець — нахабна, без дазволу карыстаецца паняццямі рэальнага. Аніяк не магу прызвычаіцца да таго, што пад спасылкай, якая выклікае цікаўнасць, але праз якую паведамляецца пра кроў, жорсткаць, гвалт, я мушу ставіць «падабаецца». Ці не ставіць. То бок рабіць нейкі маральны выбар. Тым больш у дачыненні да сяброўства.

Бо нямашака ў свеце з’явы больш загадкавай, чым сяброўства.

Мо нават больш загадкавай за каханне.

…Апоўначы патэлефанаваў Валодзя, сказаў, што страшыцца засынаць, бо амаль кожную ноч сніць Альберта. «Уяўляеш, ён прыходзіць кожную ноч, балбоча свае дурнаватыя афарызмы… Нават Таню сню радзей…»

«Уяўляю, — адказаў я, — гэтаксама прыходзіць…» 

Таня, жонка Валодзі, адышла ў іншы свет два гады таму. Альберта пахавалі ў сёлетнім маі.

Я не ведаю, што яднала нас у сяброўстве больш за паўстагоддзя, ад часоў насычанага пошукам недасяжнай ісціны студэнцтва. То бок, ведаю, зразумела, але звычайныя тлумачэнні кшталту агульных інтарэсаў, поглядаў, маральных прынцыпаў — усяго, чым звычайна тлумачыцца сяброўства, застануцца невычарпальнымі. Нават, у пэўным сэнсе, хлуслівымі, бо пасля развалу СССР наша сяброўства магло цалкам абрынуцца ў бездань палітычных разыходжанняў. Не абрынулася…

Ды і ці сяброўства, калі амаль палову са згаданага паўстагоддзя мы сустракаліся толькі за гульнёй у шахматы, на сямейных святах, а потым на пахаваннях ды помінках?

Не вычэрпвае тлумачэнне і пранізлівая ледзяной вільгаццю лістападаўская, у 1961­м, ноч, калі мы ўтраіх ускараскаліся па слізкай пажарнай лесвіцы і, падтрымліваючы адзін аднаго на яшчэ больш слізкім жалезным даху, дабраліся да нізенькай агароджы на самым краі. І, абняўшыся, да раніцы глядзелі, як зносяць помнік Сталіну…

Так, напачатку — «…третье мое плечо…»

Напрыканцы — «…хотя б для шашек друга…»

Але навошта «хаця б», калі ёсць Фэйсбук?

Адно, што вымушае пярэчыць: «фрэндызм» пазбаўлены таго, з чаго пачынаецца і з чым сыходзіць у Прастору сапраўднае сяброўства — пачуцця.

Пачуцця не чаго­небудзь накшталт доўга ці якісь абавязкаў. Простага чалавечага пачуцця.

Бо сапраўднае сяброўства і ёсць пачуццё.

Я добра памятаю, як яно нарадзілася ўпершыню — калі Воўка Смірноў моцна сціснуў маю далонь. Мы стаялі ля труны ягонага бацькі, які першым памёр у нашым двары ад ран. Нам абодвум было па шэсць гадоў…

Мо з таго ж пачуцця нарадзілася апошняя і адзіная за ўсё наша сяброўства Альбертава просьба: адвезці ў Бараўляны, дзе яму была прызначана кансультацыя…

Не, памыляюся, не адзіная. Яшчэ была просьба дапамагчы разабраць на дровы прыдбаны стары хутар — Галя зацяжарыла, іх чакала наступная, 1965­я ад нараджэння Хрыстова, вясковая настаўніцкая зіма, на каторую выпадала нараджэнне дзіцяці… 

Праз 40 гадоў, у 2005-м, ён развеяў у паветры над той вёскай, над азёрным даляглядам, з якога пачыналася іх кожная раніца, часціну Галінага праху…

Так, вядома, я памыляюся наконт просьбаў. Яшчэ папрасіў аднойчы дапамагчы запхнуць у гару старэнькі, выпадкова прыдбаны, пасляваеннага часу «Масквіч». Малы, але вельмі цяжкі, мо, некалькі тон жалеза, «Масквіч» аніяк не заводзіўся. Уся надзея была на разгон з гары. Піхалі…каціліся… піхалі… каціліся… Мо, разоў пяць. Пакуль Альберт не ўспомніў, што адключыў акумулятар. Каб не скралі. Да «жыгулёў» жыццё яшчэ не дакацілася…

І вось дакацілася да Бараўлян…

Цягам усёй цяжкой хваробы ён рашуча адмаўляўся ад маіх паслуг. А тут пазваніў: сам не дабяруся… Ледзь выпаўз з машыны, збянтэжана ўсміхнуўся і нейкім дураслівым жэстам паказаў мне, як нібыта хутка буду плакаць… Мы заўсёды кпілі адзін з аднаго і кожны з сябе…

Бо сапраўднае сяброўства і ёсць пачуццё.

Пачуццё, якому няма аніякага вычарпальнага тлумачэння.

Пачуццё, з якім, мо, цягнуцца адна да адной зоркі, каб не згубіцца ў сусветнай Прасторы.

Пачуццё, з якім сябры прыходзяць да нас з іншага свету.

З іншага. Не з віртуальнага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?