За парушэнні патрабаванняў заканадаўства аб пажарнай бяспецы сёлета да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута прыблізна 800 кіраўнікоў і 157 службовых асоб устаноў адукацыі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 жніўня ў Мінску першы намеснік начальніка ўпраўлення нагляду і прафілактыкі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Сувораў.
Паводле яго слоў, часцей за ўсё парушэнні звязаныя з адсутнасцю маланкаадводаў. Такія факты выяўленыя ў 209 правераных установах адукацыі, уключаючы 119 школ. Недастаткова пярвічных сродкаў пажаратушэння ў 60 аб'ектах адукацыі, у тым ліку ў 33 школах.
«Дапускаюцца парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі да ўтрымання шляхоў эвакуацыі — адсутнічаюць прадпісвальныя знакі, няспраўнае аварыйнае асвятленне, загрувашчаныя праходы і выхады, устаноўленыя прадметы, якія перашкаджаюць бяспечнай эвакуацыі», — сказаў чыноўнік.
Праводзіцца праца па ўстараненні недахопаў. «Як правіла, парушэнні рэжымнага характару, якія не патрабуюць значных фінансавых затрат, устараняюцца падчас праверкі», — дадаў Сувораў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў Беларусі няма аб'ектаў адукацыі, дзейнасць якіх павінна быць прыпыненая ў сувязі з пагрозай узнікнення пажару.
Паводле слоў прадстаўніка МНС, колькасць школ, не забяспечаных пажарнай сігналізацыяй, за апошнія пяць гадоў скарацілася ў 4,7 разу — з 558 у 2009 годзе да 118 у 2014-м. «Найбольшая колькасць школ, не забяспечаных пажарнай сігналізацыяй, застаецца ў Гомельскай вобласці — 47 і ў Мінскай — 48», — сказаў ён.
Сувораў адзначыў, што да пачатку навучальнага года гэтыя лічбы могуць «значна змяніцца», бо будуць адрамантаваныя няспраўныя сігналізацыі.
Органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях пры падтрымцы Міністэрства адукацыі вядзецца актыўная праца па навучанні дзяцей асновам бяспекі жыццядзейнасці, сказаў Сувораў. Гэта клубны рух, розныя спаборніцтвы, акцыі, конкурсы.
У прыватнасці 20 жніўня стартавала рэспубліканская акцыя «У цэнтры ўвагі — дзеці», закліканая прыцягнуць увагу да праблемы траўматызму і гібелі дзяцей у выпадку пакідання іх без нагляду.