Той самы шалік

Той самы шалік

той самы сцюард

той самы сцюард

Падчас матчу ў адказ плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў паміж барысаўскім БАТЭ з браціслаўскім «Слованам» на стадыёне быў затрыманы заўзятар Сяржук Бахун. Сцюарду падаўся падазроным яго шалік з гістарычным гербам «Пагоня». Палову матчу заўзятар правёў у апорным пункце.

— Гэта здарылася прыкладна на 30-й хвіліне першага тайма. Я заўважыў, што сцюард пільна на мяне глядзіць і нешта кажа па рацыі. Зразумеў, што гэта тычыцца менавіта мяне. І тут жа падбеглі два супрацоўнікі міліцыі і прапанавалі прайсці з імі, — распавёў падрабязнасці ўчорашняга інцыдэнту Сяржук Бахун.

Паводле яго словаў, міліцыянеры адмовіліся растлумачыць прычыну затрымання. Яго словы пра тое, што ён заплаціў за білет і нічога не парушае, праігнаравалі, заявіўшы, што «там разбяруцца».

— Сімвалічна, што ў сцюарда, які здаў мяне міліцыі, на камізэльцы быў нумар 006, — узгадвае Сяржук. Разам з ім у апорны пункт адправіўся журналіст «Еўрарадыё» Алесь Пілецкі, які таксама быў на футболе ў якасці заўзятара.

— У апорцы нас пасадзілі ў пакой і сказалі чакаць начальніка. Ён усё не ішоў, яго пару разоў выклікалі па рацыі. З'явіўся хвілін праз сорак. Маёр Вячаслаў Паўлавец. Адразу ж заявіў, што менавіта ён даў загад мяне затрымаць.

Сяргей распавядае, што шалік з «Пагоняй» заўсёды бярэ на спартыўныя мерапрыемствы - на гандбол, хакей і футбол:

— Бывае, што міліцыянты пытаюць, што гэта за сімволіка. Я ім тлумачу, што гэты герб прызнаны Міністэрствам культуры ў якасці гістарычнага сімвала, што ён прысутнічае на гербах Магілёва і Віцебскай вобласці. Як правіла, на гэтым усё і сканчалася. Але ў гэты раз міліцыянты папаліся нейкія неадукаваныя.

Сяргей кажа, што маёр Паўлавец яго не слухаў і настойваў на сваім.

— Кажа, нельга на стадыён з такім шалікам, бо гэта нібыта незарэгістраваная сімволіка. Я яму патлумачыў, што гэта не сцяг у руках, а элемент адзення, што «Пагоня» афіцыйна прызнаная. А ён мне: «Ты з Брэста? Вось там і насі свой шалік!»

У выніку, як расказвае Сяргей, міліцыянт вымусіў яго схаваць шалік пад вопратку і прыгразіў не з'яўляцца з ім больш на барысаўскім стадыёне.

— Нас адпусцілі пад канец матчу. Ніякіх пратаколаў, ніякіх выбачэнняў. Буду пісаць скаргу на дзеянні Паўлаўца. Я заплаціў за квіток, нічога не парушаў. Хто мне кампенсуе грошы і маральныя выдаткі?

На інцыдэнт з Бахунам аператыўна адрэагавалі іншыя заўзятары. Паведамленне пра затрыманьне за шалік яшчэ падчас гульні з'явілася на старонцы футбольных ультрас у Твітэры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?