Пуцін фактычна ўжо "зрабіў" думскія выбары. Адсоткі неістотныя.

Сярод расейскіх лібэралаў пануюць апакаліптычныя настроі. Так, былы дарадца Пуціна Андрэй Іларыёнаў параўнаў цяперашнюю кампанію са сталінскімі выбарамі 1937 году і з выбарамі ў германскі рэйхстаг у 1933-м.

Сапраўды, гэтая думская кампанія — пад беспрэцэдэнтна жорсткім кантролем Крамля. Блякуюцца апазыцыйныя сайты — такога раней, здаецца, не было. Арыштоўваюцца апазыцыйныя лідэры (Каспараў). Пры тым што расейскія "маршы нязгодных" уяўляюць сабой яшчэ меншую небясьпеку для ўладаў, чым восеньскія вулічныя акцыі беларускай апазыцыі.

На гэтым тле афіцыйны Менск пачынае выглядаць нават болей рэспэктабельна (канешне, эпітэт вельмі ўмоўны, не прыдзірайцеся! :) "Эўрапейскі марш" ды "Сацыяльны марш" абышліся, ва ўсякім разе, без дручкоў.

У Расеі сёньня дэ-факта болей трывалы аўтарытарызм.

Нават Віктар Чыкін, наведаўшы Маскву, са зьдзіўленьнем піша у газэце "7 дней" пра тое, які маштаб набыў перад выбарамі культ асобы Пуціна.

Між тым сацыялёгія сьведчыць аб сапраўды беспрэцэдэнтнай папулярнасьці цяперашняга гаспадара Крамля. Народ шчыра ўслаўляе яго за эканамічны рост, у той час як у нас электарат натапырыўся ў чаканьні скасаваньня льготаў і ўвогуле пагаршэньня эканамічнай сытуацыі.

Усе гэтыя скокі цэнаў на малако ды іншыя прадукты калі яшчэ і не палітызуюць абываталя, то ствараюць неспрыяльны для ўлады фон.

Нарэшце, Крэмль мае болей магчымасьцяў супрацьстаяць ціску з боку Захаду.

Эўропа залежыць ад паставак энэргарэсурсаў з Расеі, а ЗША мусяць шукаць кампрамісы з Масквой ў пытаньнях Ірану, Косава, разьмяшчэньня элемэнтаў супрацьракетнай абароны ў Польшчы ды Чэхіі і г.д.

Беларусь жа сёньня нашмат болей ўразьлівая ў гэтым сэнсе. Хаця б таму, што на яе кіраўніцтва зараз ціснуць з двух бакоў.

Расейскія дэмакраты робяць адчайныя жэсты, але відавочна, што яны проста ня ведаюць, як рэальна змагацца. Напрыклад, гучаць заклікі зносіць з сабой бюлетэні з выбарчых участкаў. Падобную тактыку, нават болей прасунутую, прапаноўвалі і асобныя прадстаўнікі беларускай апазыцыі (найперш я маю на ўвазе ідэю "народнага галасаваньня", вылучаную Зянонам Пазьняком перад выбарамі-2006), але гэта не дало эфэкту.

Увогуле беларуская апазыцыя, пры ўсіх закідах у ейны бок, сёньня выглядае на галаву вышэйшай, чым расейская. Яна прайшла ўжо цераз многае, што для расейскіх супраціўнікаў рэжыму ёсьць зараз шокам. Яна адаптавалася да гэтых шокаў.

У Беларусі зараз іншы трэнд. Пра дыялёг пачынае гаварыць сама ўлада. Яна стала пакрысе прызнаваць, што ейныя апанэнты — гэта ня "купка адмарозкаў", а суб'ект грамадска-палітычных дачыненьняў.

Канешне, усё гэта пакуль што патыхае бутафорыяй. Разам з тым, у беларускай апазыцыі ёсьць шанец дамагчыся пэўных саступак што да ўсталяваньня болей справядлівых умоў выбараў.

Тут ня мусіць быць ілюзіяў, але разам з тым тактыка беларускай апазыцыі зараз слушная. Яна ня кажа пра байкот, але празрыста намякае на тое, што можа зрабіць ход, які сапсуе малюнак "элегантнай перамогі" кандыдытаў ад улады. Ну, напрыклад, зьняць сваіх кандыдатаў у апошні момант, выкарыстаўшы агітацыйныя, камунікацыйныя магчымасьці кампаніі.

Так што ў беларускіх апазыцыянэраў сёньня трохі іншы настрой, чым у расейскіх. Ён стрымана падаграецца прадчуваньнем пераменаў.

Расея застаецца сыравіннай імпэрыяй. У гэтым яе сілкаваньне, і ў гэтым жа яе злы фатум. Невялікая эўрапейская дзяржава Беларусь зь яе адкрытай эканомікай, дзякуй богу, мае болей шанцаў на інтэграцыю ў цывілізаваную супольнасьць.

Расея — у імгле, як пісаў амаль што стагодзьдзе таму Гербэрт Уэлс. У Беларусі сёньня таксама змрочна, але ёсьць нейкая надзея на сьвітанак яшчэ "ў гэтым жыцьці".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?