Беларускія банкі ў стане задаволіць павышаны попыт насельніцтва на еўра. Пра гэта БелаПАН заявіў начальнік упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў.

Паводле яго слоў, павелічэнне попыту на еўра і недахоп еўрапейскай валюты ў банкаўскіх абменных пунктах тлумачыцца некалькімі прычынамі. Па-першае, ростам курсу еўра. "Многія грамадзяне вырашылі, што еўра зараз прывабны аб'ект для зберажэнняў. Хаця ў перыяд росту курсу лепш не купляць", — зазначыў А.Драздоў.

На яго думку, у гэтым знаходзіць сваё адлюстраванне псіхалогія людзей. "За мінулы месяц продаж золата ў злітках вырас больш чым удвая. Хаця ў мінулым месяцы золата было самае дарагое на працягу года. Такая псіхалогія нашых грамадзян: калі падаражэла, значыць трэба браць", — канстатаваў А.Драздоў.

Акрамя гэтага, зазначыў ён, свой уплыў мае наступленне каляднага турыстычнага сезона. У гэты перыяд многія людзі выязджаюць за мяжу, і ім таксама патрэбна еўрапейская валюта. Пры гэтым А.Драздоў нагадаў, што Польшча, Літва, Латвія далучаюцца ў канцы снежня да шэнгенскай зоны, таму многія людзі імкнуцца атрымаць візы па старых коштах. "Каб атрымаць візу, трэба прад'явіць дарожныя чэкі, якія людзі, у асноўным, купляюць у еўра", — зазначыў супрацоўнік Нацбанка.

Разам з тым у Нацбанку ўпэўнены, што беларускія банкі дастаткова хутка задаволяць павышаны попыт на еўра. "Да нядаўняга часу доля еўра ў агульным аб'ёме купляемай валюты на рынку наяўнай валюты складала 11%, а долара ЗША — 80%", — зазначыў А.Драздоў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0