У Віцебску плануюць зняць з гандлю соказмяшчальны гранатавы напой, які прадаваўся пад выглядам соку. Аб гэтым паведаміла віцебская гарадская газета «Віцьбічы»

Вытворцы прадукцыі — таварыствы з абмежаванай адказнасцю «Выток» з Масквы (гандлёвая марка «Азербайджанскі фрукт») і «Сіліт» з Маскоўскай вобласці (гандлёвая марка «555»). 

«Паводле патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, якія датычацца сокавай прадукцыі і бяспекі харчовых дабавак, у соках не павінны ўтрымлівацца кансерванты і фарбавальнікі. Яны дапускаюцца толькі ў напоях, — сказала карэспандэнту газеты начальнік Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарта Аксана Мурашкевіч. — На этыкетцы сокаў гандлёвай маркі «Азербайджанскі фрукт» указаны склад: сок вінаградны (гранатавы, шыпшыны) канцэнтраваны, цукар. Калі мы выпрабавалі прадукцыю ў лабараторыі, то выявілі, што ў вінаградным прысутнічаюць кансервант (бензойная кіслата і яе солі) і фарбавальнікі — азарубін, тартразін, жоўты «сонечны заход». У гранатавым соку і ў сумесі граната з шыпшынай — бензойная кіслата і яе солі, а таксама фарбавальнік азарубін». 

Паводле слоў эксперта, расійскае прадпрыемства не толькі парушыла патрабаванні тэхнічных рэгламентаў, якая выкарыстала пры выпрацоўцы сокаў харчовыя дабаўкі, але і не задэкларавала іх у інфармацыі для спажыўца, у той час як фарбавальнікі, што ўваходзяць у склад, могуць аказваць адмоўны ўплыў на актыўнасць і ўвагу дзяцей. «Такім вось чынам пакупніка ўводзяць у зман, бо гэта насуперак запаветным літарам на этыкетцы зусім не сок, таму што тут ёсць кансервант і фарбавальнікі, а значыць, вытворца мэтанакіравана сфальсіфікаваў прадукцыю», — адзначыла Мурашкевіч. 

«Вельмі супярэчлівая інфармацыя размешчана на бутэльцы з прадукцыяй вытворчасці ТАА «Сіліт». Інспектары Дзяржстандарта цікавіліся ў людзей, што ж гэта такое, на іх погляд, — з апетытным гранатам на этыкетцы, і амаль усе, не задумваючыся, адказвалі: сок. Сапраўды, там указана: «Гранатавы», а крыху ніжэй дробным шрыфтам: «Напой соказмяшчальны мультыфруктавы» (сок гранатавы, яблычны, лімонная кіслата, вада, мінімальная доля соку не менш за 10 працэнтаў). Атрымліваецца, спажыўца зноў спрабавалі абвесці вакол пальца. Акрамя таго, на цэнніку напою было ўказана: «Гранатавы сок», — піша выданне. 

Мурашкевіч адзначыла, што цяпер рыхтуецца прадпісанне на адкліканне прадукцыі маскоўскага ТАА «Выток» з гандлёвай сеткі рэспублікі. Імпарцёр, у сваю чаргу, вырашыць, што рабіць з ёй далей: вярнуць вытворцу ці ўтылізаваць. 

Абласная інспекцыя Дзяржстандарта абяцае трымаць сітуацыю з сокамі на пастаянным кантролі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?