Заходні свет павінен адказаць на адкрытую агрэсію Расійскай федэрацыі супраць Украіны дзеяннямі, накіраванымі на памяншэнне коштаў на энерганосьбіты, і выключыць расійскі рубель з міжнародных фінансавых разлікаў.

Такое меркаванне выказаў віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента Рышард Чарнецкі.

«Патрэбныя санкцыі ў выглядзе неканвертаванасці рубля і дзеянні для максімальнага змяншэння коштаў на нафту і газ. Бо наступствы гэтага Расія адчуе вельмі моцна, значна больш, чым персанальныя санкцыі», — сказаў ён, адказваючы на пытанне, што цяпер павінен зрабіць Захад.

Дэпутат, які прадстаўляе ў Еўрапарламенце Польшчу, выказаў надзею, што ў заходніх краін хопіць «здаровага сэнсу», каб прыняць такія меры.

Ён таксама падкрэсліў, што на агрэсію Расіі павінны «у адзін голас» адрэагаваць ўсе міжнародныя інстытуты, сярод якіх ён згадаў ААН, НАТА і АБСЕ.

«Гэта апошні момант для рашучай рэакцыі», дадаў палітык, які прадстаўляе апазіцыйную ў Польшчы партыю «Закон і справядлівасць».

Украінская ўлада сёння заявіла пра непрыхаваны ўвод расейскіх рэгулярных войскаў на тэрыторыю Украіны і заклікала правесці надзвычайнае пасяджэнне Савета бяспекі ААН, а таксама замарозіць усе актывы РФ за мяжой.

Расія, якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых у свеце прадаўцоў нафты і газу, утрымліваецца на плаву за кошт іх продажу, таму рэзкае падзенне коштаў на энерганосьбіты можа прывесці да істотных праблем з фінансаваннем бюджэту краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?