Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці выявіў факты незаконнай распрацоўкі радовішчаў і няякаснай здабычы карысных выкапняў, паведамляе прэс-служба КДК. 

Праверка паказала, што пры гэтым не ажыццяўляецца належны ўлік здабываемых прыродных рэсурсаў, што прывяло да скажэння статыстычнай і падатковай справаздачнасці, а таксама заніжэння падаткаў.

Напрыклад, у ходзе праверкі аднаго з дарожных рамонтна-будаўнічых упраўленняў устаноўлены шматлікія парушэнні зямельнага заканадаўства і заканадаўства аб нетрах пры распрацоўцы кар'ера ў Клецкім раёне. Са студзеня па кастрычнік 2012 года прадпрыемства самавольна здабывала карысныя выкапні пры адсутнасці акта, які сведчыць горны адвод. Работы ў кар'еры праводзіліся без праектнай дакументацыі на распрацоўку і рэкультывацыю.

Прадпрыемствам таксама парушаны ўмовы зняцця, выкарыстання і захавання ўрадлівага слою глебы пры распрацоўцы зямельнага ўчастка, выдзеленага пад кар'ер, у тым ліку дапушчана частковая страта ўрадлівага слою глебы і неналежнае яго складзіраванне ў бурты. 

Распрацоўка ў кар'еры радовішча пясчана-гравійнай і гравійна-пясчанай сумесей вялася без выканання адпаведнай праектнай дакументацыі, а таксама тэхналагічных схем і спосабаў праходкі. Былі дапушчаны і іншыя парушэнні.

Па выніках праверкі КДК Мінскай вобласці аштрафаваў прадпрыемства і яго тры службовыя асобы на 27 млн рублёў. 

Акрамя таго, па прапанове дзяржаўных кантралёраў прадпрыемствам накіравана хадайніцтва Беларускай геолагаразведачнай экспедыцыі філіялу РУП «НПЦ па геалогіі» аб выкананні пераацэнкі раней зацверджаных запасаў радовішча гравійна-пясчанай сумесі ў Клецкім раёне. Па яе выніках КДК дасць ацэнку правільнасці адлюстравання прадпрыемствам аб'ёмаў здабычы карысных выкапняў у 2012—2013 гадах у статыстычнай і падатковай справаздачнасці, а таксама будзе ажыццёўлены пераразлік падатку на здабычу прыродных рэсурсаў. 

Парушэнні таксама выяўлены ў дзейнасці яшчэ аднаго нетракарыстальніка, які са студзеня 2012 года па красавік 2013 года без ліцэнзіі вёў распрацоўку радовішча гравійна-пясчанай сумесі «Панізоўскае» ў Лагойскім раёне, а з красавіка 2013 года па чэрвень 2014 года — распрацоўку гэтага ж радовішча з парушэннем умоў ліцэнзавання. За гэты перыяд прадпрыемства ад такой незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці атрымала даход на 4,2 млрд. рублёў. Больш за тое, больш за два гады таварыства для распрацоўкі кар'ера і абслугоўвання пад'язной аўтамабільнай дарогі самавольна выкарыстоўвала зямельны ўчастак плошчай звыш 21 га. 

Па выніках праверкі Барысаўскім міжраённым камітэтам дзяржкантролю гэта кампанія і яе дырэктар аштрафаваныя адпаведна на 37,5 і 3 млн рублёў, таварыству даналічаныя зямельны падатак і падатак на нерухомасць, а таксама пеня на 1,9 млрд рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?