Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька даручыў больш актыўна прыцягваць інвестараў да будаўніцтва паркінгаў у Мінску. Адпаведнае даручэнне ён даў сёння на пасяджэнні Мінгарвыканкама, дзе абмяркоўвалася ўдасканаленне работы па прыцягненні інвестыцый.
«Стварэнне новых паркінгаў у Мінску - гэта прынцыповае пытанне. Мы ўжо звярнуліся ва ўрад з адпаведным пісьмом. У прыватнасці, мы прапаноўваем стварыць прывабныя ўмовы для інвестараў, якія будуць будаваць паркінгі. Сёння бізнес не вельмі актыўна ідзе ў гэту сферу, значыць, мы павінны прыняць канкрэтныя меры, каб зацікавіць яго», — сказаў Мікалай Ладуцька. Паводле яго слоў, прыцягнуць інвестараў да будаўніцтва паркінгаў можна з дапамогай змяненняў у сістэме падаткаабкладання.
Мікалай Ладуцька адзначыў, што ў бліжэйшы час трэба распрацаваць праграму развіцця сеткі паркінгаў у сталіцы. «У гэтым плане неабходна прыняць дакладныя рашэнні — напрыклад, падабраць пляцоўкі і пабудаваць у сталіцы 100 паркінгаў. Але спачатку трэба стварыць умовы, каб іх было выгадна будаваць», — падкрэсліў ён.