Асуджаны на пяць сутак арышту гомельскі грамадскі актывіст Канстанцін Жукоўскі аб'явіў галадоўку ў ізалятары часовага ўтрымання УУС Гомельскага аблвыканкама. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Жонка актывіста Алена Жукоўская паспрабавала перадаць мужу цёплыя рэчы, бутэльку з вадой і вітаміны, аднак у ІЧУ нічога не прынялі, растлумачыўшы гэта тым, што «Жукоўскі мае дробнае парушэнне».

Нагадаем, жыхар Гомеля быў затрыманы 25 жніўня супрацоўнікамі АМАП у двары ўласнага дома. Прычым міліцыю, а менавіта супрацоўнікаў ДАІ, Жукоўскі сам жа і выклікаў: грузавыя аўтамабілі з суседняй будоўлі заблакавалі яму ўезд у двор, а на просьбы вызваліць праезд іх вадзіцелі не рэагавалі. На выклік разам з супрацоўнікамі ДАІ прыехалі супрацоўнікі АМАП, якія потым і затрымалі актывіста, паставіўшы яму ў віну «непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» (арт. 23.4 КоАП).

На судзе Жукоўскі заявіў, што не ўчыняў правапарушэння. Супрацоўнік ДАІ адразу ж пасля прыезду запатрабаваў ад актывіста прайсці ў службовы аўтамабіль, не тлумачачы прычын. Калі Жукоўскі адмовіўся, супрацоўнікі АМАП «праводзілі» яго ў службовы аўтамабіль, даставілі ў Цэнтральны РАУС, а затым у ІЧУ.

Суд над актывістам адбыўся 28 жніўня. Суддзя суда Цэнтральнага раёна Гомеля Вольга Казлова прыгаварыла Жукоўскага да пяці сутак адміністрацыйнага арышту ў ІЧУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?