Сенатар-рэспубліканец Джон Маккейн заявіў у эфіры шоe CBS Face the Nation, што прэзідэнт ЗША Барак Абама «проста не можа справіцца з тымі цяжкасцямі, якія на яго наваліліся», не маючы дакладнай стратэгіі па барацьбе з баевікамі з групоўкі «Ісламская дзяржава».

«Мы стаім перад абліччам самай багатай і магутнай тэрарыстычнай арганізацыі ў гісторыі. І мы павінны яе перамагчы», — сказаў Маккейн.

На думку сенатара, для паспяховай барацьбы з ІД Абама павінен прыняць шэраг мер, у тым ліку пашырыць авіаудары па Іраку, а таксама нанесці іх па Сірыі, паведамляе The Hill.

«Усе павінны разумець, што баевікі з'яўляюцца прамой пагрозай для ЗША», - сказаў на заканчэнне Маккейн.

Раней Барак Абама ў сваім тэлезвароце заявіў, што ў ЗША на сённяшні дзень няма выразнай стратэгіі адносна ваеннага ўдару па ІД.

Нагадаем, што з пачатку чэрвеня ў Іраку актывізавалася групоўка «Ісламская дзяржава». Баевікі, якія ваявалі да апошняга часу ў Сірыі, узначалілі наступ на паўночныя і заходнія раёны Ірака. У канцы чэрвеня ІД абвясціла аб стварэнні «ісламскага халіфата» на падкантрольных ёй тэрыторыях у Іраку і Сірыі. Улады Ірака звярнуліся да міжнароднай супольнасці па дапамогу ў супрацьдзеянні ІД. Асабліва напружаная сітуацыя склалася на поўначы краіны, дзе баевікі пагражаюць генацыдам этнаканфесіянальнай меншасці курдаў-езідаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0