Па ініцыятыве сербскага боку сёння адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Сербіі Таміславам Нікалічам, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.
«Прэзідэнт Сербіі павіншаваў беларускага калегу з высокім узроўнем арганізацыі і паспяховым правядзеннем сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў - членаў Мытнага саюза, Украіны з удзелам высокіх прадстаўнікоў ЕС, якая прайшла ў Мінску 26 жніўня, - заявілі ў прэс-службе. - Кіраўнік Беларусі заявіў, што поспех гэтай сустрэчы ўжо ў тым, што бакі пачалі размаўляць непасрэдна і за круглым сталом абмяркоўваць злабадзённыя праблемы».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў ролю ЕС у перашкодзе эскалацыі канфлікту ва Украіне. Кіраўнік беларускай дзяржавы праінфармаваў прэзідэнта Сербіі аб тым, што сёння ў Мінску праходзіць чарговы раўнд перагавораў кантактнай групы Украіна — Расія — АБСЕ.
Кіраўнікі дзяржаў таксама абмеркавалі пытанні двухбаковых узаемаадносін. Таміслаў Нікаліч асабліва падкрэсліў важнасць актывізацыі супрацоўніцтва Беларусі і Сербіі ў сувязі з тым, што Сербія прымае старшынства ў АБСЕ ў 2015 годзе. Ён запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў наступным годзе наведаць Сербію з візітам.