У студзені—ліпені Беларусь накіравала ў расійскі бюджэт больш за 2 млрд. долараў у выглядзе нафтапошлін. 

У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года аб'ём беларускіх нафтапошлін, што пералічваюцца ў расійскі бюджэт, знізіўся амаль на 8%. За сем месяцаў гэтага ў расійскі бюджэт накіравана ў выглядзе вывазных пошлін на нафтапрадукты 2 млрд. 39 млн. долараў, у тым ліку ў ліпені — 270,2 млн. долараў. 

У чэрвені Беларусь пералічыла ў расійскі бюджэт нафтапошлін на 261,4 млн. долараў, у маі — 290,6 млн. долараў, у красавіку — 311 млн. долараў, у сакавіку — 302,7 млн. долараў, у лютым — 296,5 млн. долараў, у студзені — 306,7 млн. долараў. 

Трэба адзначыць, што ў студзені—ліпені ў параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года аб'ём беларускіх нафтапошлін, пералічаных у расійскіх бюджэт, некалькі знізіўся (на 175,2 млн. долараў, ці на 7,9%). Гэта можа быць абумоўлена некаторым змяншэннем экспарту беларускіх нафтапрадуктаў (фізічныя аб'ёмы паставак скараціліся на 3,5%), а таксама павелічэннем на чвэрць экспарту нафтапрадуктаў у Расію (пры пастаўках паліва на расійскі рынак Беларусі не трэба плаціць экспартную пошліну ў бюджэт Расіі). 

Беларусь пералічвае ў расійскі бюджэт вывазныя мытныя пошліны на нафтапрадукты, вырабленыя з расійскай нафты і экспартаваныя за межы Мытнага саюза. У 2013 годзе Беларусь пералічыла ў расійскі бюджэт у выглядзе вывазных пошлін на нафтапрадукты 3,3 млрд. долараў. 

Згодна з ацэнкамі эканамістаў Сусветнага банка, пералічэнне Беларуссю нафтапошлін у расійскі бюджэт адмоўна ўплывае на стан плацежнага балансу краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?