Аляксандр Лукашэнка правёў сёння рабочую сустрэчу з памочнікам прэзідэнта Беларусі па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максімам Рыжанковым і намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзімам Дзевятоўскім.

Лукашэнка даручыў вядомаму спартсмену, а цяпер дэпутату, сур'ёзна заняцца пытаннямі павышэння эфектыўнасці ў беларускай лёгкай атлетыцы і вывучыць усе праблемныя моманты як на ўзроўні нацыянальнай каманды, так і ў дзіцяча-юнацкім спорце, інфраструктуры, улічваючы будучыя летнія Алімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра.

«Дэпутацкая работа вельмі важная і адказная, але мне здаецца, што ты недагружаны», - сказаў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Вадзіма Дзевятоўскага.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго пакуль не задавальняе работа кіраўніцтва спартыўнай галіны, і ён не бачыць асаблівай аддачы.

Паводле слоў Лукашэнкі, яго таксама ў цэлым не радуюць вынікі федэрацый па медаляёмістых відах спорту, напрыклад такіх, як плаванне і лёгкая атлетыка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што за апошнія гады многае было зроблена для развіцця спартыўнай інфраструктуры, і пытанне аб тым, што трэніравацца няма дзе, узнікаць не павінна.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў асобных спартыўных дысцыплінах здараюцца і поспехі, як напрыклад, нядаўняя перамога беларускай спартсменкі ў бегу на 800 м на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы. Аднак Лукашэнка падкрэсліў, што па іншых напрамках, дзе Беларусь традыцыйна займала высокія месцы, справы ў айчыннай лёгкай атлетыцы ідуць дрэнна.

«Трэба зубамі чапляцца і вяртаць сабе лідзіруючыя пазіцыі. Мы гэта можам зрабіць. Мы гатовы ўсяляк дапамагаць лёгкай атлетыцы. І самае галоўнае - там патрэбен вызвалены чалавек, які ведае знутры ўсю гэту кухню з усімі хітраспляценнямі. І патрэбен чалавек, надзелены ўладай», - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што гатовы асабіста падключыцца да вырашэння праблемных пытанняў у лёгкай атлетыцы. Ён таксама лічыць неабходным праводзіць у Беларусі буйныя міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы нагадаў, што стадыён «Дынама» ў Мінску даручана рэканструяваць менавіта пад лёгкаатлетычны стадыён. Там плануецца стварыць усе неабходныя ўмовы, якія дадуць магчымасць Беларусі на высокім узроўні прымаць у тым ліку чэмпіянаты Еўропы і свету па лёгкай атлетыцы.

Як расказаў журналістам Вадзім Дзевятоўскі па выніках сустрэчы, акрамя непасрэдна спартыўнай тэматыкі таксама закраналіся пытанні барацьбы з распаўсюджваннем наркотыкаў і адпаведнага законапраекта, над якім цяпер працуюць дэпутаты. Як дэпутат ад Наваполацкай выбарчай акругі Вадзім Дзевятоўскі таксама падзякаваў кіраўніку дзяржавы за дадзенае ўраду даручэнне аб будаўніцтве ў гэтым горадзе новага лядовага палаца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?