Адзіны інтэрнэт-партал фінансавай дасведчанасці насельніцтва www.fingramota.by пачаў працаваць у Беларусі з 1 верасня, паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Сяргей Дубкоў. 

Сайт будзе цікавы дарослым і дзецям. Тут ёсць і сацыяльныя ролікі, і адукацыйныя мультфільмы. Акрамя таго, на інтэрнэт-партале размешчаны кнігі, артыкулы, брашуры, відэаматэрыялы, а таксама вынікі даследаванняў узроўню фінансавай дасведчанасці насельніцтва і ступені доступу да фінансаў у Беларусі. 

На сайце можна знайсці інфармацыю ў сферы фінансавых паслуг: даведацца, як выбраць крэдыт, навучыцца кіраваць асабістымі фінансамі, вывучыць гісторыю стварэння грошай, віды страхавання, разгледзець аспекты падатковага заканадаўства. На рэсурсе будуць рэгулярна размяшчацца навіны аб мерапрыемствах і падзеях у фінансавай сферы. Прадугледжваецца пастаяннае напаўненне новымі, цікавымі матэрыяламі, размяшчэнне актуальнай інфармацыі. 

Канцэпцыя партала прадугледжвае, што пастаўшчыкамі інфармацыі на гэты рэсурс будуць усе зацікаўленыя ўдзельнікі фінансавага рынку. Гэта дасць магчымасць выключыць дубліраванне, пазбегнуць раскідання інфармацыі і павысіць давер да яе, дабіцца сінергетычнага эфекту ў павышэнні фінансавай адукацыі насельніцтва. 

Як адзначыў Сяргей Дубкоў, да адкрыцця спецыяльнага партала звесткі наконт фінансавай дасведчанасці былі крыху разрознены. «Мы вывучылі вопыт іншых краін. Сусветны банк нам аказаў садзейнічанне ў гэтым пытанні. У выніку стварылі цікавы прадукт, які ў далейшым будзе развівацца, ён будзе састаўной часткай навучання фінансавай дасведчанасці людзей усіх узростаў», — сказаў Сяргей Дубкоў. 

Інтэрнэт-партал прызначаны павысіць узровень ведаў насельніцтва аб фінансавых прадуктах і паслугах, сфарміраваць у грамадзян рацыянальныя фінансавыя паводзіны пры прыняцці рашэнняў, што датычацца асабістых фінансаў, а таксама папулярызаваць ідэі павышэння фінансавай дасведчанасці сярод насельніцтва Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?