На сустрэчы прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з лідэрамі фракцый Вярхоўнай Рады было вырашана не ўводзіць у краіне ваеннае становішча.

Пра гэта паведамляе «5 канал».

Гэтую інфармацыю таксама пацвердзіў прадстаўнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра РНБА Андрэй Лысенка ў эфіры тэлеканала ICTV.

Раней лідэр парламенцкай фракцыі «Свабода» Алег Цягнібок заявіў, што Парашэнка абдумвае мэтазгоднасць увядзення ваеннага становішча ва Украіне.

«Прэзідэнт адказаў, што ён абдумвае магчымасць унясення ў парламент пытання аб неабходнасці ўвядзення ваеннага становішча ў Украіне», — сказаў Цягнібок журналістам пасля сустрэчы лідэраў фракцый і груп Вярхоўнай Рады з кіраўніком дзяржавы ў панядзелак у Кіеве.

Па словах лідэра «Свабоды», для таго, каб прэзідэнт прыняў такое рашэнне, павінны адбыцца «пэўныя падзеі». «Відавочна, гаворка ідзе пра яшчэ большае абвастрэнне сітуацыі на фронце», — растлумачыў ён.

Пры гэтым Цягнібок сказаў, што ў святле апошніх падзей пад Ілавайскам і таго, што адбываецца ў Луганску, «вядома, як па мне, ваеннае становішча трэба ўводзіць як мага хутчэй».

У той жа час, лідэр парламенцкай фракцыі «Бацькаўшчына» Сяргей Собалеў лічыць, што ва Украіне не будзе ўведзена ваеннае становішча.

«Паводле атрыманай намі інфармацыі, па стане на сёння ёсць усе падставы лічыць, што наўрад ці ваеннае становішча будзе ўведзена», — сказаў ён пасля сустрэчы лідараў парламенцкіх фракцый і груп з прэзідэнтам.

Лідэр фракцыі «Бацькаўшчына» адзначыў, што лічыць палітыканствам заявы, што увядзеннем ваеннага становішча ў краіне можна сарваць пазачарговыя парламенцкія выбары.

«Ваеннае становішча ўводзіцца не для таго, каб сарваць выбары. Ваеннае становішча павінна быць уведзена, калі сітуацыя выходзіць з-пад кантролю», — падсумаваў Собалеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?