Лік расейцаў, якія радуюцца анексіі Крыма Расіяй і ўхваляюць яе, падае.

Пра гэта сведчыць апытанне расейскай сацыялагічнай службы «Левада-Центр».

Адзначаецца, што пачуццё радасці ад анексіі Крыма сярод рэспандэнтаў знізілася на 7% (23% у красавіку супраць 16% у жніўні), ухвалення — на 6% (з 47% у сакавіку і 46% у красавіку да 40% у жніўні).

Гатоўнасць грамадзян у той ці іншай меры «плаціць» за Крым знізілася з 59% у сакавіку 2014 года да 50% у жніўні. Колькасць рэспандэнтаў, якія «зусім не гатовыя» ўскласці на свае плечы ўтрыманне паўвострава вырасла з 19% у сакавіку да 28% у жніўні.

Больш за палову расейцаў (58%) разглядаюць негатыўную рэакцыю Захаду на ўкраінскую палітыку Расіі як імкненне націснуць на Расію, скарыстаўшыся ўкраінскім крызісам. Толькі 13% звязваюць такое стаўленне Захаду з парушэннем нормаў міжнароднага права.

Расце і ўсведамленне таго, што анексія Крыма ўзмацняе нянавісць украінскага народа ў адносінах да Расіі. Калі ў сакавіку толькі 17% рэспандэнтаў лічылі, што «крымская кампанія» не выклікае ва Украіне асаблівых негатыўных пачуццяў да Расіі, то ў жніўні гэтая лічба скарацілася да 9%. У той жа час, 38% расейцаў цяпер лічаць, што анексія Крыма выклікала ў Украіне нянавісць да Расіі ў цэлым (супраць 24% у сакавіку).

Апытанне праведзена 22-25 жніўня 2014 па рэпрэзентатыўнай усерасійскай выбарцы гарадскога і сельскага насельніцтва сярод 1600 чалавек ва ўзросце 18 гадоў і старэйшых у 134 населеных пунктах 46 рэгіёнаў краіны. Размеркаванне адказаў прыводзіцца ў працэнтах ад агульнай колькасці апытаных разам з дадзенымі папярэдніх апытанняў. Статыстычная хібнасць дадзеных гэтых даследаванняў не перавышае 3,4%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?