Узвядзенне атамнай электрастанцыі перайшло ў надземную стадыю будаўніцтва, паведамілі ў прэс-службе РУП «Беларуская атамная электрастанцыя».

На энергаблоку нумар 1 БелАЭС зманціраваны 1-ы блок унутранай ахоўнай абалонкі. «Гэта падзея па значнасці параўнальна з заліваннем «першага бетону». Мантаж унутранай ахоўнай абалонкі — адзін з вузлавых момантаў будаўніцтва. Тым самым мы выйшлі на мантаж надземнай часткі станцыі», — растлумачыў генеральны дырэктар РУП «Беларуская АЭС» Міхаіл Філімонаў.

Паводле яго слоў, унутраная ахоўная абалонка (УАА) будуецца метадам узбуйняльнага мантажу, які дасць магчымасць узвесці рэактарнае аддзяленне якасна і ў тэрмін.

«Узбуйняльны мантаж — вельмі эфектыўны метад, які ўпершыню быў прыменены на будаўніцтве Запарожскай АЭС, а затым выкарыстоўваўся пры ўзвядзенні станцый на тэрыторыі ўсяго былога Савецкага Саюза. На жаль, потым пра яго незаслужана забылі. Аднак трэст РАССЭМ змог захаваць тэхналогію і прымяніць на практыцы метад узбуйняльнага мантажу УАА на будаўніцтве Новаваронежской АЭС. Дарэчы, кіруе кампаніяй ураджэнец Беларусі Уладзімір Масальскі», — паведаміў гендырэктар РУП «БелАЭС».

Як падкрэсліў Міхаіл Філімонаў, мантаж першага блока УАА выкананы дакладна па графіку.

Беларуская АЭС будзе складацца з двух энергаблокаў сумарнай магутнасцю да 2400 (2х1200) МВт. Для яе будаўніцтва выбраны праект «АЭС-2006», які цалкам адпавядае міжнародным нормам і рэкамендацыям МАГАТЭ. Генеральным праекціроўшчыкам і генеральным падрадчыкам з'яўляецца аб'яднаная расійская кампанія ААТ «НІАЭП» — ЗАТ «АБЭ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?