Адкрыцьцё прызначанае на самую раніцу. У адным з пакояў саду зьбіраюцца дзеці, іх бацькі, журналісты. Хутка будзе ўрачыста перарэзаная чырвоная стужка.
Кіраўніцтва садка — намесьнікі дырэктара — хвалююцца, стараюцца як мага больш зрабіць для таго, каб пакой выглядаў сапраўды па‑беларуску: яны выстаўляюць на паліцах цацкі, якія яны лічаць беларускімі: з арнамэнтам ды саломай. Адна з выкладчыц прынесла і чырвона‑зялёны сьцяжок. Доўга спрабавала замацаваць яго на бачным месцы. Сьцяг не паддаваўся націску беларускасьці — і падаў… Падчас адкрыцьця ён незаўважна ляжаў на шафе ля сьцяны. Таксама на паліцах ляжаць беларускамоўныя дзіцячыя кніжкі — іх туды паклалі самі бацькі.
Не зважаючы на прысутнасьць незнаёмых, наяўнасьць фотаапаратаў ды тэлекамэр, дзеці гуляюць вакол вялікага дому, які прынесла на дзень адкрыцьця адна з выкладчыц.
Зьяўляецца прыемная дзяўчына, якую ўсе клічуць Алеся Ўладзімераўна, — менавіта яна і будзе надаваць гурту беларускамоўны накірунак.
Маленькая Ялінка адчувае сябе ў садку як дома — яна ходзіць сюды ўжо зь вясны. Хлопчык Паша таксама быў тут, аднак у польскамоўнай групе. Дарэчы, на гэты конт намесьніца дырэктара сказала: «Я была вельмі ўражаная, калі бацька Пашы прыйшоў і сказаў, што лепш аддасьць свайго сына ў беларускую групу, чым у польскую…» — яна выдала гэта з такой інтанацыяй, што ўсе прысутныя ледзь не паверылі ў тое, што беларуская мова зьяўляецца для нас замежнай. Аднак пасьля яна аптымістычна дадала: «Думаю, што хутка ў гэтай групе будзе шмат дзяцей».
Настаў урачысты момант. Алеся Ўладзімераўна ўзяла дзяцей за рукі, яны разам сталі на ўваходзе — і канцы чырвонай стужкі павольна апусьціліся ў розныя бакі.
Бацькі ды выкладчыкі віншавалі адзін аднаго. Камэры вышуквалі цікавыя моманты. Дзеці гулялі самі па сабе.
Настаў час сьнедаць. Малыя паселі вакол стала — гэта іх першы агульны беларускі сьняданак. Цікава, ці ўяўляюць яны цяпер урачыстасьць моманту?..
Выдатна бачна, што амаль усе прысутныя дарослыя стаміліся: бацькі ад клопатаў перад адкрыцьцём, а настаўнікі ад сур’ёзнасьці моманту ды прысутнасьці тэлебачаньня.
Усе паціху разыходзяцца. Толькі Алеся Ўладзімераўна садзіць на калені Ялінку ды чытае разам зь ёй вершыкі на роднай мове. З гэтага дня з магілёўскага садка № 81 беларуская мова будзе чутная далёка.
У Магілёве амаль сем год таму пазакрываліся апошнія беларускамоўныя групы ў дзіцячых садках ды клясы ў школах. З тых часоў не было спробаў аднавіць іх працу. Адкрыцьцё дадзенай групы — цалкам перамога тых, хто больш за тры месяцы, абіваючы парогі чыноўніцкіх кабінэтаў, змагаўся за ажыцьцяўленьне сваіх канстытуцыйных правоў. Група распачынае працу дзякуючы дапамозе магілёўскіх суполак партыі БНФ і арганізацыі ТБМ, лідэру «Руху «За свабоду» Аляксандру Мілінкевічу, бацькам ды выкладчыцы, якая пагадзілася на адказную справу.
P.S.: Калі я была маленькай, я, відавочна, ня думала пра тое, на якой мове я размаўляю, чаму менавіта на ёй… Ужо сёньня я ня раз задаю пытаньне сваім бацькам: чаму не навучылі, чаму ня выхавалі беларускай зь дзяцінства?..
Думаю, што, калі Ялінка, Паша і іншыя вырастуць, яны зробяць свой выбар самі. А цяпер бацькі даюць ім магчымасьць у будучыні адчуць сябе часткай нацыі ды гісторыі.