Ашмянскі, Смаргонскі, Астравецкі раёны, а таксама дарогі да іх — гэта рэгіён з вялікай канцэнтрацыяй беларускіх славутасцяў. За дзень усё аб’ехаць даволі праблематычна, даводзіцца выбіраць куды кіравацца і што паглядзець. Напрыклад, не ўдалося заехаць у палац Агінскіх у Залессе, ці да маляўнічага касцёла ў Вішневе, дзе служыў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі, пра Свір і казаць няма чаго.

Першым прыпынкам сталі Баруны. Мясцовы касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла пафарбаваны ў дзівосны колер. Які? меркаванні раздзяліліся: ці то ружовы, ці персікавы, ці тэракотавы, ці колера цэглы? Можа, вы падкажаце?

Паспрабавалі трапіць унутр, але дзверы былі зачыненымі. То пайшлі абыходзіць закінуты манастыр базыліянаў. На адных з дзвярэй пабачылі загадкавы надпіс «Хіппі-гусь». Вось так і напісана. Нехта з кампаніі запытаўся, а чаму «хіппі» з падвоенным «п»? Відавочна, што хацелі напісаць па-руску, але беларускае «і» закладзенае ў памяці мацней і глыбей. Так мае аднакласнікі па вясковай школе пісалі дыктоўкі. Альбо калі хацелі кагосьці абразіць, то старанна выводзілі на партах і ў сшытках: «Саша – пітух», ці «Діма – дібіл».

Трапіць у сутарэнні кляштара пры жаданні, канечне, можна, але неяк страшнавата. У частцы лёхаў захоўваецца бульба.

Не пакідаючы надзеі ўсё ж увайсці ўнутр касцёла праходзімся па яго тэрыторыі. З плябаніі выходзіць барадаты мужык.

«Вам дапамагчы?»

«Ці можна неяк у касцёл трапіць?» – кажам яму.

«Канечне, можна, калі валодаеце навыкамі прамысловага альпінізму, — смяецца ён. — Вы ж праз галоўныя спрабавалі трапіць? Звыклі як цары хадзіць, там збоку дзверы ёсць».

Усё гэта гаворыцца па-добраму, з падколкамі. Кратаем бакавыя дзверы, і яны сапраўды адчыняюцца.

«Цуд!» — ускліквае барадач.

Вядома, палічылі, што гэта мясцовы ксёндз. Хто яшчэ ў плябаніі жыць можа ды так прыгожа на беларускай мове гаварыць. Абышоўшы касцёл, зноў спыняемся каля гэтага чалавека.

— Усё сваімі рукамі робіце?

— Умеў бы нагамі, рабіў бы нагамі. А так маю дзве рукі — адну правую, другую — левую. Горш, калі абедзве левыя.

— А многа прыхаджан?

— Не ведаю, сам я мусульманін. У асноўным бабулькі — каталіцкі КДБ.

У гэты момант сумневы сталі закрадвацца ў душу. Хаця ці мала, якіх ксяндзоў-прыкалістаў толькі не бывае. Чым гэты горшы. Напрыканцы размовы ўсё ж просім яго прадставіцца. «Эдуард Вялікі, кароль Шатландыі. Хаця мясцовыя называюць проста Эдзік, рэстаўратар. Да гэтага працаваў у Літве, а цяпер паверыў абяцанням прэзідэнта, вярнуўся на радзіму», — усё так жа рагоча новы знаёмы.

Кажа, што кляштар пару гадоў таму хацеў выкупіць мясцовы прадпрымальнік («патрыёт Беларусі»), але не далі. Так і стаіць закінуты.

Яшчэ ў Барунах былі на могілках ахвяр Першай сусветнай вайны. Акуратныя каменныя крыжы, падстрыжаны газон. Шкадуем, што не запыталіся ў Эдуарда, хто даглядае гэтыя пахаванні. Такія лютэранскія могілкі не пакідаюць адчування адчаю і дэпрэсіўнасці, як традыцыйныя беларускія. На адным з крыжоў нейкія доўбілы спрабавалі высекчы свастыку.

Далей Гальшаны. Там руіны колішняга замка. Руіны — галоўны гонар беларусаў, да руінаў вядуць усе шляхі. Стан замка з кожным годам горшае. Людзі лазяць па колішніх калідорах Сапегаў, дабіваючы нават тое, што засталося. Фатаграфіі з Гальшанаў атрымліваюцца маляўнічыя, руіны можна фатаграфаваць бясконца доўга.

Так, Чорнага Манаха мы не сустрэлі, хоць шчыра верылі ў непазбежнасць такога спаткання.

Каля касцёла святога Яна Хрысціцеля ў Гальшанах сустрэлі групу палякаў. Унукі прывезлі дзядулю на гістарычную радзіму. Стары прыемна ўражаны ўбачаным: «Ладна зрабілі!» На ягонай памяці тут былі «цалкам руіны».

Час падыходзіў да абеда. Тут і пачалася эпапея з месцам для падсілкавання. Назвы ашмянскіх кавярняў, канечне, уражваюць сваім маштабам — «Галактыка», «Імперыя», — толькі вось паесці ў іх у выхадны дзень катэгарычна нельга. Усе зачынена на спецабслугоўванне. Нават блізкія ад горада аграсядзібы. Вось і падарожнічай па Беларусі, нябожа. Застаецца толькі браць з сабой бутэрброды і яблыкі, купляць сасіскі ў цесце ці галадаць.

Накармілі нас толькі ў «Беларускім кутку» ў Астраўцы рысам і адбіўнымі. Хаця і там мы былі апошнімі кліентамі, пасля чаго ўстанову зачынілі для абслугоўвання вяселля.

Гервяты, мясцовыя называюць іх «беларускай Швейцарыяй», за апошнія гады сталі турыстычнай мекай. Месцам раскручаным, я б нават сказаў папсовым. У парку каля касцёла налічылі, здаецца, тры пары маладых, якія рабілі вясельныя здымкі. Дадайце сваякоў жаніхоў і нявест, сяброў і астатніх гасцей. Тлумна.

Таму і пакідаюць сённяшнія Гервяты неадназначныя пачуцці. З аднаго боку, так — эдэмскі сад, райскі куток. З другога – уражанне, што людзі едуць сюды не духоўна ўдасканальвацца, а таму, што тут «красіва». Сапраўднасць, а не турыстычную мішуру тут даводзіцца шукаць у дробязі, як драўляны анёл на касцельным двары.

Дзесьці тут недалёка будуюць Беларускую АЭС. Людзі кажуць, што ўсе закадзіраваныя мужыкі пайшлі туды працаваць, бо добры заробак.

З Гервятаў рушылі на Солы. Там я быў упершыню. І, шчыра кажучы, мясцовы касцёл уразіў найбольш з пабачаных. Архітэктар, канечне, слаўна праэксперыментаваў, зляпіўшы дзівосны будынак. Размалёўка ўнутры ўразіла не менш. Перад амбонам карціна з выявай перамогі польскай арміі над савецкай у 1920 годзе. Можа, нехта са мной не пагодзіцца, але гэта ўжо яўны перабор.

Манашка прадавала бірулькі са святым Крыштафам. Кажа, гэта абаронца аўтамабілістаў, бачачы здзіўлення на нашых тварах, дадае: «А ў вас у праваслаўных хіба такога няма? У нас дык цэлае свята ёсць, калі асвячаюць машыны».

У Кушляны на сядзібу Францішка Багушэвіча прыехалі а 18:15, у гэты момант адтуль выязджала чарговае вяселле. Толькі заехалі на падворак, як аднекуль выбег ахоўнік з крыкам, што час наведвання скончыўся 15 хвілін таму. Усе спробы пераканаць чалавека ў форме, што мы на пару хвілін і не затрымаем яго, выніку не далі. Ахоўнік дэманстратыўна зачыніў перад намі браму. «Прыязджайце заўтра», — быў ягоны прысуд.

У Жупранах каля касцельнай загароджы, мабыць, з паўсотні крыжоў. Падыходжу бліжэй і бачу, што гэта часовыя крыжы, якія ставяцца на магілу пры пахаванні. Пазней сваякі ўсталёўваюць помнік, а крыж здымаюць зусім ды адносяць убок. Здаецца, гэта крыжы тых, хто памёр толькі ў апошнія год-два. Шчыра кажучы, відовішча даволі вусцішнае.

На магіле Францішка Багушэвіча кажу, што сёння за такія бараду і вусы яго б дакладна называлі хіпстарам. Згадваю песенку, здаецца, Кірылы Слукі, хаця гэта неістотна, «Я прыдумаў-думаў, я выдумаў». Згаджаемся, што гэтак сама мог сказаць уласна Багушэвіч… пра Беларусь.

У Жупранах ужо пачалі збірацца хмары. А сапраўды дождж лінуў з неба ў Крэве. Гэта быў апошні пункт нашага маршрута. У той дзень у Крэве адбываўся фэст керамікі. Шкада людзей, якія, можа, пару месяцаў рыхтавалі мерапрыемства. А неба так падгадзіла.

У крэўскай кавярні адзіным пунктам меню ў гэты вечар быў недасмажаны шашлык. Ну і ладна, бяром яго.

На развітанне прагульваемся пад дажджом па яшчэ адных замкавых руінах. Шкада, што гэтае лета ўжо скончылася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?