Мікалай Халезін |
Дзейнасьць «Свабоднага тэатру» дэманструе ўпартасьць і цьвёрдасьць актораў перад пагрозамі парушэньня іхніх правоў на свабоду выказваньня», — сказана ў рашэньні Нацыянальнай кансультацыйнай камісіі Францыі ў галіне правоў чалавека. Камісія назвала «Свабодны тэатар» зь Беларусі ў ліку пяці арганізацыяў, якія ў 2007 годзе ўзнагароджаны яе прэміяй.
Правы чалавека — ці тэма гэта для мастацтва? Адзін з кіраўнікоў «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін перакананы ў «натуральнасьці» павароту творцаў да гэтай тэмы.
«Так, і тое, што ад Беларусі «Свабодны тэатар» атрымаў гэты ганаровы прыз, даводзіць: у сёньняшняй Беларусі забарона на свабоду творчасьці — адна зь вялікіх праблемаў. І Эўропу вельмі хвалюе, што ў Беларусі праблемы ня толькі з свабодай выбараў ураду, свабодай сходаў, але і са свабодай творчасьці».
-- Карэспандэнт: «Калі б вашыя спэктаклі не арыштоўвалі, як было сёлета, вы б зьмянілі іхнюю тэматыку?»
«Ніколі. Гэта наша права — казаць пра тое, што мы лічым патрэбным. А інакш навошта займацца творчасьцю? Не, гэтым мы не гандлюем. Зьмяніцца можа толькі погляд улады на нашу творчасьць».
«Свабодны тэатар» узьнік ў 2005 годзе, але ніводзін з больш як 10 спэктакляў тэатру ня быў пастаўлены на дзяржаўнай сцэне з прычыны адмовы ў арэндзе памяшканьня. Акторы выступаюць на прыватных кватэрах ці ў дварах прыватных дамоў. У жніўні 2007 году міліцыя ўварвалася на спэктакль «Свабоднага тэатру» «Адзінаццаць кашуль» паводле п’есы Эдварда Бонда і на некалькі гадзін затрымала ўсіх актораў разам з пастаноўшчыкам спэктаклю Крысьціянам Бэнэдэці і гледачамі. Пазьней некаторых гледачоў спэктаклю асудзілі да адміністрацыйнага арышту.
Са жніўня «Свабодны тэатар» даў яшчэ некалькі фактычна «падпольных» спэктакляў у Беларусі і працягвае актыўна выступаць за мяжой. Драматург і рэжысэр Мікалай Халезін падзяліўся плянамі тэатра.
«На нас можна паглядзець ў Стакгольме ў тэатры «Трыбунале», потым мы атрымліваем прэмію ў Парыжы, а потым даем у Менску прэм’еру другой часткі трылёгіі «Зона маўчаньня».