У парламенце рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні падтрыманая дэпутатамі прапанова Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі аб узмацненні адказнасці за педафілію — з 5 да 10 гадоў пазбаўлення волі. 

Гэта будзе магчыма пасля ўвядзення ў Крымінальны кодэкс часткі 2 артыкула 168 (палавыя зносіны з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту), паведаміў у інтэрв'ю, апублікаваным на сайце МУС, намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі міністэрства Сяргей Калтун.

Паводле яго слоў, у Беларусі дынамічна развіваецца нацыянальнае заканадаўства. З улікам новых выклікаў і пагроз дзеянні праваахоўных органаў былі б не такімі эфектыўнымі, калі б не своечасовыя заканадаўчыя ініцыятывы. 

«МУС не магло не адрэагаваць на сітуацыю з дзіцячай парнаграфіяй у краіне, не зрабіць рашучыя захады па папярэджанні і недапушчэнні злачынстваў. Ужо са снежня 2008 года ў Беларусі дзейнічае артыкул 343 КК (выраб і распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару з выявай непаўналетняга), які прадугледжвае максімальнае пакаранне ў выглядзе 13 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці (асабліва цяжкае злачынства). Павышаная адказнасць была ўведзена і за выраб і распаўсюджванне порнапрадукцыі ў інтэрнэце», — адзначыў прадстаўнік МУС. 

У закон «Аб правах дзіцяці» ўведзена (і дзейнічае) норма аб забароне для раней судзімых за палавыя злачынствы, гандаль людзьмі і парнаграфію займаць пасады, звязаныя з выхаваннем і навучаннем дзяцей. На разглядзе парламента ў другім чытанні знаходзіцца праект закона, на падставе якога артыкулы 343 і 343-1 КК дапоўняцца такімі прыкметамі, як «трансляцыя парнаграфічных матэрыялаў або публічная дэманстрацыя сцэн парнаграфічнага зместу». 

Як адзначыў Калтун, аб неабходнасці ўвядзення крымінальнай адказнасці за захоўванне дзіцячай парнаграфіі без мэты збыту выказваліся даўно і многія, бо парнаграфія правакуе педафілію. Увядзенне такой забароны з'явілася б дзейснай мерай прафілактыкі ў дачыненні да тых, хто схільны да такіх злачынстваў, лічыць ён. 

Захоўванне дзіцячага порна прызнаецца злачынным у Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Канадзе, Нарвегіі, Польшчы, ЗША, Турцыі, Швецыі, іншых краінах. Паводле звестак амерыканскага нацыянальнага цэнтра дапамогі пры знікненні і эксплуатацыі дзяцей, 40% арыштаваных уладальнікаў дзіцячай парнаграфіі рабілі спробы па меншай меры спакушэння непаўналетніх. Статыстыка цэнтра паказвае, што 21% выяваў, знойдзеных у камп'ютарах педафілаў, утрымлівалі сцэны згвалтавання дзяцей з элементамі садызму, збівання і катаванняў, сказаў прадстаўнік МУС. 

Паводле яго слоў, даследаванні вучоных пацвярджаюць, што калекцыянеры порна з выявай насілля над дзецьмі надалей непазбежна ўчыняюць такое ж сексуальнае насілле. «Гэта так званая спіральная сістэма паводзінаў. Не выпадкова МУС ініцыявала і прапрацоўвае пытанне аб мэтазгоднасці ўвядзення крымінальнай адказнасці за пошук, спампоўванне ў інтэрнэце і захоўванне парнаграфічных матэрыялаў з выявай дзяцей без мэты распаўсюджвання (калекцыянаванне дзіцячай парнаграфіі), а таксама за грумінг дзяцей (псіхалагічную падрыхтоўку праз інтэрнэт да сексуальных адносінаў)», — падкрэсліў Калтун.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?