Месцазнаходжанне грамадскага актывіста з Быхаўскага раёна Аляксандра Шачонка невядомае з 27 жніўня, паведаміў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель.
Паводле слоў праваабаронцы, апошні раз Шачонка бачылі 27 жніўня ў раённым судзе ў Быхаве, дзе праходзіў разгляд іску актывіста ў дачыненні да суседа, які яго збіў і абвінавачваецца ў нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Бухель падтрымлівае сувязь са сваякамі зніклага ў Быхаўскім раёне і Магілёве, якія і паведамілі яму пра знікненне актывіста.
Бухель паведаміў, што неаднаразова дапамагаў Шачонку ў падрыхтоўцы дакументаў у суд. На апошнім пасяджэнні планавалася, што ён выступіць з хадайніцтвам аб змяненні меры стрымання адказчыку, паколькі той нібыта пагражаў грамадскаму актывісту.
«Я ўжо пазваніў у бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў УУС Магілёўскага аблвыканкама, але безвынікова», — сказаў Бухель. Паводле яго слоў, 29 жніўня сваякі Шачонка падалі заяву ў міліцыю аб знікненні грамадскага актывіста.
У аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Магілёўскага аблвыканкама БелаПАН паведамілі, што ў дачыненні да Шачонка Быхаўскім РАУС «праводзяцца праверачныя мерапрыемствы па ўстанаўленні яго месцазнаходжання».
Шачонак вёў актыўную грамадскую дзейнасць. Неаднаразова звяртаўся са скаргамі ў праваахоўныя органы наконт неправамерных, паводле яго меркавання, дзеянняў асобных супрацоўнікаў Быхаўскага РАУС. Падчас выбараў у мясцовыя органы ўлады ў сакавіку ўваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Леаніда Падбярэцкага.