Мінскія і гродзенскія архітэктары і гісторыкі б'юць трывогу. У бетоннай агароджы на краі Каложскага схілу з'явіліся глыбокія касыя расколіны.

Каля дзесяці гадоў таму схіл умацавалі жалезнымі палямі і бетонам, каб спыніць апоўзень. Аднак, на думку спецыялістаў, вырашыць праблему да канца не ўдалося — рух узгорка пад храмам працягваецца.

— Расколіны выклікаюць асцярогу, што ідзе фарміраванне апоўзня. Калі рух пагорка не спыніць — частка Каложы можа разбурыцца. Неабходна пастаянна адсочваць развіццё працэсу. Можна замазаць расколіны, але праблема застанецца, — кажа сталічны архітэктар-рэстаўратар Вадзім Гліннік, які браў удзел у рэстаўрацыі інтэр'еру царквы.

Святар Каложскай царквы Георгій Рой расказаў, што расколіны з'явіліся ў красавіку, пасля таго, як каля агароджы падчас раставання снегу і пасля дажджоў пастаянна збіралася лужына. Каб адвесці ваду, у двары храма паднялі ўзровень зямлі (падсыпалі пясок) і паклалі плітку. Работы завяршылі ў чэрвені, і зараз расколіны не павялічваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0