Камандзір украінскага батальёна спецыяльнага прызначэння «Азоў» Андрэй Білецкі паведаміў пра знішчэнне байцамі «ДНР» умацаванага раёна батальёна і пагранслужбы побач з Марыупалем.

Аб гэтым паведамляецца на старонцы батальёна ў фэйсбуку.

Паводле Білецкага, удар па ўмацаваным раёне нанеслі з боку Новаазоўска.

Таксама Білецкі распавёў пра страты сярод байцоў батальёна і абвінаваціў камандаванне ў неаказанні агнявой падтрымкі.

«Дзякуй генералам, якія дзве гадзіны абяцалі артылерыйскі агонь дакладнай наводкай, але нічога не зрабілі. Знішчана ўся наша мізэрная тэхніка. Ёсць «двухсотыя» (загінулыя). Працавалі шчыльным агнём дзякуючы наводчыкам-здраднікам», — заявіў камандзір батальёна «Азоў».

Акрамя таго, спецыяльны карэспандэнт «Коммерсанта» Ілля Барабанаў, які знаходзіцца на месцы падзей, паведаміў у сваім фэйсбуку аб абстрэлах блокпастоў украінскіх вайскоўцаў ля Марыупаля.

Пазней ён напісаў у сваім твітэры, што стральба ідзе пакуль толькі за межамі горада.

Пры гэтым губернатар Данецкай вобласці Сяргей Тарута паведаміў аб тым, што ніякага штурму Марыупаля цяпер няма.

Раней агенцтву «Інтэрфакс» у «Данецкай народнай рэспубліцы» распавялі, што сепаратысты пачалі актыўную фазу аперацыі, каб узяць Марыупаль — тут знаходзіцца данецкая абласная адміністрацыя — пад свой кантроль.

Між тым, як адзначае агенцтва, дарадца міністра абароны Украіны Аляксандр Данілюк заявіў, што ўкраінскія вайскоўцы адбілі наступ байцоў «ДНР» на Марыупаль.

Бой паміж украінскай арміяй і сепаратыстамі ідзе ля сяла Шырокіна, якое знаходзіцца паміж Новаазоўскам і Марыупалам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?