На перамовах, якія прайшлі ў Ньюпарце (Уэльс) на палях саміту НАТА, была дасягнутая дамоўленасць аб пастаўках у Украіну высокадакладнай зброі. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Пятро Парашэнка на супольнай прэс-канферэнцыі з Генсакам альянса Андэрсам Фог Расмусэнам.

«Дасягнута дамоўленасць на двухбаковым узроўні (з краінамі-ўдзельніцамі НАТА) адносна вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку аб пастаўках нелетальнага і летальнага ўзбраення, уключаючы высокадакладную зброю», — заявіў кіраўнік Украіны.

Парашэнка асобна падкрэсліў, што гэтая дамоўленасць дасягнутая не з альянсам у цэлым, а з канкрэтнымі краінамі-ўдзельніцамі альянса.

Між тым, НАТА не мае пярэчанняў у дачыненні да такіх паставак і нават заахвочвае іх. «У рэзалюцыі камісіі Украіна-НАТА будуць словы аб заахвочванні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва», - адзначыў прэзідэнт.

Пятро Парашэнка не ўдакладніў, з якімі менавіта краінамі ён дамовіўся аб ваеннай дапамозе. Вядома, што ў чацвер ён праводзіў сустрэчы з лідэрамі ЗША, Германіі, Францыі, Італіі, Вялікабрытаніі і Канады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?